Андрэй Ажароўскі: Беларуская АЭС – эканамічная пастка


«Нядаўна мы рабілі аналіз эканомікі расейскай атамнай энергетыкі – яна выжывае толькі дзякуючы дзяржаўным субсідыям, бо ў пэўнай ступені абслугоўвае вайсковы комплекс – атамную бомбу. У выпадку Беларусі вельмі імаверны сцэнар, што гэта эканамічная пастка для краіны», – заявіў расейскі эколаг-атамнік Андрэй Ажароўскі ў інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

11 кастрычніка ў Санкт-Пецярбургу «Атомстройэкспорт» і дырэкцыя будаўніцтва беларускай АЭС падпісалі кантрактнае пагадненне пра пабудову першай чаргі АЭС на тэрыторыі Беларусі. Пагадненне вызначае асноўныя палажэнні генеральнага кантракту на будаўніцтва пад ключ двух энергаблокаў АЭС агульнаю магутнасцю да 2400 МВт з рэактарам «В-491». Прадугледжана, што беларуская АЭС будзе будавацца на ўмовах поўнай адказнасці генеральнага падрадчыка. Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2017 г., другі – у 2018 г.

«Пабудуюць дарагую станцыю, якая будзе вырабляць дарагую электраэнергію, і за ўсё гэта будзе плаціць беларускі народ, бо прыйдзецца аплачваць інвестыцыйную дабаўку да кошту электраэнергіі ўжо цяпер, – гаворыць Андрэй Ажароўскі. – А калі станцыя запрацуе – ужо не будзе альтэрнатывы выключыць, бо столькі грошай будзе выдаткавана на пабудову, што нават калі іншыя крыніцы будуць даваць больш танную энергію, прыйдзецца «ганяць» атамную станцыю».

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што не развязаная праблема з ядравымі адкідамі, іх транспартаваннем і захоўваннем. «Будуць праблемы. Перавозкі будуць адбывацца па густанаселеных раёнах – там таксама могуць быць аварыі», – падкрэсліў Ажароўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў