Пракуратура шукае, хто абразіў магілёўскую суддзю


У Магілёве дапыталі журналістку Аліну Скрабунову паводле справы пра абразлівыя выказванні на адрас суддзі Ленінскага раёну Магілёва Ірыны Ланчавай, размешчаныя ў каментарыях карыстальнікаў на сайце «Хартыі’97».

Аліну Скрабунову выклікалі ў пракуратуру Магілёўскай вобласці па тэлефоне. «Мне было проста цікава, што яны скажуць», – растлумачыла журналістка свой візіт у пракуратуру без позвы. Аказваецца, 7 ліпеня на сайце «Хартыі’97» у адным з каментароў былі размешчаныя выказванні на адрас суддзі Ленінскага раёну Магілёва Ірыны Ланчавай, расцэненыя пракуратурай як абразлівыя. Пры гэтым сама суддзя, як расказала Скрабунова, ніякай заявы ў праваахоўныя органы не падавала. Акрамя таго, журналістка нагадала, што яна асабіста ў той час была ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкаму як арыштаваная за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту і асуджаная суддзёю Ленінскага раёну Аксанаю Ратнікавай.

На допыт у пракуратуру журналістка пайшла разам з праваабаронцам Барысам Бухелем. Яе дапытваў старэйшы следчы следчага аддзелу пракуратуры Магілёўскай вобласці Павел Старыкаў. «Наогул неразумна, што яны мяне выклікалі, у мяне наогул няма лагічнага тлумачэння іхным дзеянням. У інтэрнэце шмат абразлівых выказванняў на адрас людзей, якія займаюць больш высокую пасаду, чым Ланчава, але пра падобныя расследаванні чамусьці нічога не чуваць. Следчы сказаў, што камусьці трэба гэтае расследаванне», – расказала Скрабунова, адзначыўшы, што яна толькі пасмяялася з такіх дзеянняў.

Як распавяла журналістка, падчас гутаркі следчы прасіў яе назваць адрас сваёй электроннай пошты і лагін у інтэрнэце, але Скрабунова адмовілася паведамляць гэтыя звесткі. Таксама, паводле яе, следчы выказаў задавальненне, даведаўшыся, што Скрабунова карыстаецца паслугамі правайдара «Белтэлекам».

Як адзначыў Барыс Бухель, пасля размяшчэння на сайце «Хартыі’97» інфармацыі пра ўчарашні допыт журналісткі, на адрас суддзі Ланчавай з’явілася шмат новых каментароў, якія таксама могуць быць расцэненыя пракуратурай як абразлівыя.

Нагадаем, суддзя Ірына Ланчава сёлета выносіла абвінаваўчыя выракі журналістам Алесю Асіпцову і Уладзіміру Лапцэвічу, грунтуючыся выключна на паказаннях супрацоўнікаў міліцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў