Алег Гулак: Крытыка як пагроза нацыянальнай бяспецы?


Беларускія праваабаронцы ўжо праінфармавалі Раду Еўропы, АБСЕ і Еўразвяз пра змены ў шэрагу законаў Беларусі, прынятыя або падрыхтаваныя да прыняцця. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту (БХК) Алег Гулак.

Паводле яго, змены не накіраваныя на абарону грамадзянаў, «што было б лагічна пасля красавіцкага тэракту». «Замест гэтага мы бачым, што органы дзяржбяспекі яўна заточваюцца на барацьбу з палітычнымі апанентамі. Дзяржава зрабіла высновы з актыўнасці грамадзянаў увесну і ўлетку. Змены скіраваныя на тое, каб легалізаваць тыя незаконныя метады і дзеянні, якія мы крытыкавалі. Гэта здзек з усёй сістэмы права», – падкрэсліў праваабаронца.

Гулак звярнуў увагу на тое, што фармулёўка «іншыя выпадкі, што вызначаюцца прэзідэнтам», якая выкарыстоўваецца ў законапраекце аб органах дзяржбяспекі, не дае ўяўлення пра тое, як гэтыя выпадкі будуць вызначацца. «Не зразумела, ці будзе ў грамадскасці магчымасць для азнаямлення або такія рашэнні будуць прымацца таемна. Калі таемна, то гэта будзе перавышэннем паўнамоцтваў прэзідэнта», – заявіў кіраўнік БХК.

Фармулёўкі ў законапраектах вельмі расплыўчатыя і могуць тлумачыцца па-рознаму, мяркуе Гулак. «У нас няма ніякіх гарантыяў, што гарачыя галовы ў пагонах не будуць успрымаць абгрунтаваную крытыку сітуацыі ў Беларусі як пагрозу нацыянальнай бяспецы», – патлумачыў праваабаронца.

У сваю чаргу адзін з кіраўнікоў закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч звярнуў увагу на тое, што фармулёўкі новых законапраектаў даюць магчымасць «прыцягнуць да адказнасці любога чалавека з любой прычыны».

belsat.eu

Стужка навінаў