Уладзімір Някляеў: Лукашэнка абраў шлях закручвання гаек


«Я перакананы, што ціск, які ўсё ўзмацняецца, урэшце прывядзе да сацыяльнага выбуху», – заявіў экс-кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Згодна з прынятымі і запланаванымі зменамі ў заканадаўстве спецслужбы атрымліваюць неабмежаваныя паўнамоцтвы, пратэсты без дазволу забароненыя, а замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацыяў будзе карацца паводле Крымінальнага кодэксу.

«Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя. Гэта знак пра тое, што Лукашэнка абраў шлях закручвання гаек, шлях запалохвання грамадства. Гэта значыць, што ён абраў шлях да дыктатуры, – гаворыць Уладзімір Някляеў. – Усе нашыя высілкі перад выбарамі, а таксама высілкі ўладаў, што намагаліся пабудаваць нейкі мост з Захадам, аказаліся марнымі. Ён кіруе ў іншы бок».

Сярод іншага прадугледжваецца, што «дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў, саюзаў, накіраваная на спрыянне даванню замежнымі дзяржавамі грамадзянам Рэспублікі Беларусь ільготаў і перавагаў у сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасцю праз парушэнне заканадаўства, забараняецца».

«Гэты ціск, які скіраваны перш за ўсё на апазіцыю, будзе заганяць яе і так з вельмі няўтульнага становішча ў яшчэ больш няўтульнае. Але з іншага боку будзе актывізаваць яе дзейнасць. Калі мне нешта забараняюць – я ўсё зраблю дзеля таго, каб гэтую несправядлівую забарону пераадолець. Не спыніцца фінансаванне, не спыніцца і дзейнасць апазіцыі», – падкрэсліў Някляеў. Палітык зазначае, што да палітычнай барацьбы пачалі падключацца людзі, што раней не былі ў яе заангажаваныя.

belsat.eu

Стужка навінаў