Уладзімір Барадач у «Гарачым каментары»


Беларусь – краіна неабмежаваных магчымасцяў… Прынамсі, для працаўнікоў КДБ. Беларускія спецслужбы атрымаюць дазвол на недазволенае, паводле паправак у беларускім заканадаўстве. А прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці будуць даціснутыя да канца.

Законапраект аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларус аб органах дзяржаўнай бяспекі ўжо трапіў у парламент. Згодна з ім спецслужбы набываюць неабмежаваныя паўнамоцтвы: уваход у неабходнае памяшканне ў любы час без дазволу, выкарыстанне спецсродкаў, у тым ліку хімічных, прадстаўленне паводле фальшывых дакументаў – гэта толькі няпоўны спіс таго, што змогуць супрацоўнікі КДБ рабіць законна.

Паводле былога камандзіра брыгады спецназу Уладзіміра Барадача, змены ў законапраект фактычна даюць магчымасць забіваць палітычных апанентаў улады.

«У нас ужо ёсць закон аб масавых акцыях, які і так даведзены да абсурду. Пад яго падмінаюць нават канстытуцыйныя правы грамадзянаў – я маю на ўвазе Народны сход, які можа адбывацца выключна па грамадскай ініцыятыве», – падкрэсліў Уладзімір Барадач.

Змены ў заканадаўстве не толькі пашыраюць правы спецслужбаў, але і бароняць іх ад будучага судовага пераследу.

Уладзімір Барадач упэўнены, што законапраект ёсць рэакцыяй на нядаўні спад даверу да Лукашэнкі.

«Улада латае дзіркі ў тонучым караблі. Такія ініцыятывы можна разглядаць як страх Лукашэнкі перад непазбежным лёсам дыктатуры», – заявіў былы падпалкоўнік у адстаўцы.

belsat.eu

Стужка навінаў