Адзін з найлепшых праектаў свету ці схаваная небяспека?


https://youtu.be/Oi9JFEQlg0Q
https://youtu.be/NYqRRvLklkM
Паводле кіраўніка дзяржаўнай экалагічнай экспертызы беларускага Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Андрэева, усе кансультацыі наконт ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) будучай АЭС з усімі зацікаўленымі дзяржавамі, у тым ліку з Літвою, закончаныя.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што магчымае яшчэ правядзенне кансультацыяў у пытаннях пасляпраектнага аналізу. «Што датычыць непасрэдна АУНА, то ўсе этапы завершаныя», – дадаў ён. Прадстаўнік міністэрства мяркуе, што прэтэнзіі Літвы да месца размяшчэння АЭС носяць выключна палітычны характар. «У іхнай справаздачы пра АУНА няма інфармацыі пра канчатковы выбар рэактару. Разглядаюцца ўсе тыпы рэактараў, у тым ліку расейскі. Выходзіць, для сябе яны вырашылі, што можна выкарыстоўваць, для Беларусі – не. Сваю АЭС ім можна размяшчаць за два кіламетры ад мяжы, а мы не можам размяшчаць на адлегласці трыццаці».

Як кажа спецыяліст, беларускі бок на ўсе пытанні Літвы падчас кансультацыяў адказаў. «Рашэнне прынятае пры захаванні ўсіх міжнародных абавязацельстваў рэспублікі», – дадаў Андрэеў.

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заявіў, што ўсе падрыхтоўчыя працы да будаўніцтва беларускай АЭС праводзіліся максімальна адкрыта, пры падтрыманні МАГАТЭ. «Праект ёсць сёння адным з самых лепшых у свеце, – дадае Міхадзюк. – Падобны праект рыхтуецца да рэалізацыі ў Еўразвязе і Турцыі, рэалізуецца ў Індыі, Кітаі».

У сваю чаргу другі сакратар амбасады Літвы ў Беларусі Гіедрус Граніцкас заявіў: «Мы ніколі не падлічвалі адлегласці ад АЭС да мяжы. Мы падлічвалі адлегласць да вялікіх населеных пунктаў. Да Вільні ад будучай станцыі 50 кіламетраў».

Дыпламат таксама заявіў, што кансультацыі наконт АУНА, якія адбыліся ў Вільні, літоўскі бок «не залічыў». Прычынаю стаўся кепскі пераклад. «Вядома, расейская мова «вялікая і магутная», але не ўсе ў Вільні яе ведаюць», – патлумачыў ён.

Паводле Граніцкаса, з паездкі ў Менск літоўцы таксама былі незадаволеныя. Прадстаўленая ім справаздача аказалася няпоўнаю. «Тыя пытанні, на якія вы не адказалі літоўскаму боку, будуць пастаўленыя вам Еўразвязам», – дадаў прадстаўнік амбасады.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары