Будаўніцтва стаіць на месцы


З-за недастатковага фінансавання ў шэрагу беларускіх гарадоў улады вымушаныя замарозіць будаўніцтва жыллёвых комплексаў.

Эксперты адзначаюць, што для будаўніцтва наступаюць сапраўды цяжкія часы. Кампаніі яшчэ паўгода таму сутыкнуліся з праблемаю цэнаўтварэння з-за адсутнасці валюты на рынку і з дэфіцытам будаўнічых матэрыялаў, але дадаліся новыя праблемы – банкі перасталі пералічваць грошы па крэдытах за будаўніцтва, а грамадзяне не маюць у запасе вялікіх сумаў. Апроч таго, значна скарацілася фінансаванне будаўніцтва за бюджэтныя сродкі.

У прыватнасці, у Бабруйску ў стадыі будаўніцтва цяпер 20 жыллёвых комплексаў, але большасць з тых дамоў, што мусілі здавацца сёлета, дагэтуль не падключаныя да сеткі цеплазабеспячэння. Старшыня ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Уладзімір Джум кажа, што гэта ставіць пад пагрозу своечасовую здачу аб’ектаў і выкананне праграмы жыллёвага будаўніцтва наогул. «Вельмі складаная сітуацыя склалася з будаўніцтвам інжынерных сетак. Запазычанасць упраўлення капітальнага будаўніцтва перад падраднымі арганізацыямі, якія ажыццяўляюць гэты від работ, працягвае расці і ўжо перавысіла 4 мільярды рублёў», – заявіў чыноўнік.

Беларускія банкі, якія выдзялялі льготныя крэдыты, прапаноўваюць перазаключыць дамову, але цяпер не пад 5 %, а ўжо пад 31 %. «У цывілізаванай краіне пытанне можна было б вырашыць праз суд, – кажа ўдзельнік долевага будаўніцтва Дзяніс Стасевіч. – Але «Беларусбанк» спасылаецца на рашэнне Савету Міністраў. І адкрыта кажа, што пры такім падтрыманні перамагчы на судзе ў нас ніякіх шанцаў. Таму ўсё больш людзей на форумах кажуць, што адзіная магчымасць паўплываць на сітуацыю – выходзіць з патрабаваннямі да рэзідэнцыі прэзідэнта».

belsat.eu

Стужка навінаў