Мікалай Валуеў будзе шукаць еці


7 кастрычніка вырушыла двухдзённая экспедыцыя па Кузбасе ў пошуках еці. Адзін з яе ўдзельнікаў – вядомы расейскі баксёр. На міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай еці, спартовец заявіў: «Тэма еці хвалюе сёння не толькі навукоўцаў, але і простых людзей. Я сам бачыў сляды снежнага чалавека. Я веру, што еці існуе».

Нагодаю да пачатку маштабных пошукаў істоты сталіся чарговыя доказы яго існавання. Валаскі, сляды, паламаныя дрэвы – гэта толькі шэраг з тых неаспрэчных, паводле некаторых навукоўцаў, доказаў, якія расейскія вучоныя прыводзяць на карысць існавання снежнага чалавека ў Кемераўскай вобласці.

Расейскія навукоўцы атрымалі яшчэ адзін доказ таго, што еці – снежны чалавек – існуе. Знойдзеныя валасы далі навукоўцам падставу меркаваць, што еці, які, на іхную думку, жыве ў Азарскай пячоры, – бландзін. Зарадзілася новая дыскусія. Амерыканскі навуковец Роналд Молгэрд, які ўжо амаль 40 гадоў даследуе гукі з дапамогаю дыстанцыйных мікрафонаў, прадэманстраваў экземпляр з уласнай аўдыятэкі – размову еці са сваім дзіцём. Дырэктар міжнароднага гаміналагічнага цэнтру Ігар Бурцаў у якасці доказу існавання снежнага чалавека прыводзіць такі прыклад: «Мінулаю ноччу, каля чацвёртай, я чуў іх. Яны з’елі сухі корм для сабак, а міску раскалацілі».

Вакол Азарскай пячоры шмат надламаных дрэваў, што таксама, на думку навукоўцаў, ёсць моцным аргументам на карысць існавання еці. Унутры пячоры знойдзеныя сляды, але ёсць пэўная няяснасць – знайшлі адбіткі толькі правай нагі.

Аднак яшчэ не ўсе навукоўцы перакананыя ў існаванні снежнага чалавека. Заолагі патрабуюць доказаў існавання еці прынамсі ў выглядзе відэазапісаў; археолагі, у сваю чаргу, кажуць, што пакуль не будзе знойдзены шкілет, рабіць высновы рана.

Паводле меркавання шэрагу навукоўцаў, нашую планету насяляюць тысячы еці. Жывуць яны пераважна ў пячорах. Іх цела пакрытае валасамі. Маса еці можа дасягаць нават 250 кг, а рост – больш як 2 м.

belsat.eu
https://youtu.be/8YlJVVzQtNg

Глядзі таксама
Каментары