Аляксандр Лукашэнка распавядзе пра сваё бачанне інтэграцыі


Кіраўнік краіны плануе апублікаваць артыкул, які будзе ягонаю рэакцыяй на публікацыю Уладзіміра Пуціна пра інтэграцыю на постсавецкай прасторы. Пра гэта прэзідэнт паведаміў на сустрэчы з міністрам прамысловасці і гандлю Расеі Віктарам Хрысценкам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прыезд міністра «як раз на злобу дня, бо сёння вельмі актыўна абмяркоўваецца артыкул прэм’ер-міністра Расеі Уладзіміра Пуціна пра далейшую інтэграцыю».

Узяцца за пяро Лукашэнку падштурхнула тое, што ён «быў сведкам на ўсіх этапах, бачыў і ведае, як гэта складалася». Пры гэтым кіраўнік Беларусі не забыўся і на Пуціна, адзначыўшы, што ініцыятыва стварэння Мытнага звязу і Адзінай эканамічнай прасторы належыць яму: «Гэта будзе справядліва, калі аддаць належнае Пуціну ў фармаванні гэтага працэсу. Менавіта ён падштурхнуў гэты працэс».

«Будучы кандыдат на прэзідэнта і хутчэй за ўсё прэзідэнт Расеі будучы, калі ён першы азначыў тэзіс навядзенне парадку ў нашым агульным былым доме і будову зносінаў з суседзямі – гэта дарагога каштуе. Таму я лічу, што гэта адпавядае нашай беларускай пазіцыі. У размове з ім я пра гэта сказаў», – заявіў Лукашэнка.

Паводле Хрысценкі, Лукашэнка заўсёды быў актыўным і паслядоўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў. «Прынцыпова важна, што нягледзячы на, магчыма, доўгі тэрмін мы ідзем у адным кірунку, які абраны стратэгічна. Скажам наўпрост – перашкодаў для гэтага руху ўзнікала дастаткова шмат самых розных, знешніх у першую чаргу, і зразумела, што не ўсім, нават вельмі шмат каму, магчыма, не вельмі падабаецца паглыбленне інтэграцыі на постсавецкай прасторы. І таму, напэўна, важны той этап, які цяпер перажывае ўвесь гэты працэс», – канстатаваў расейскі міністр.

«І важна тое, што па сутнасці справы да сённяшняга моманту паўнавартасна функцыянуе Мытны саюз трох краінаў, у якім не існуе ніякіх перашкодаў і бар’ераў для перамяшчэння тавараў па тэрыторыі нашых краінаў», – падкрэсліў ён.

Віктар Хрысценка нагадаў, што наступны этап інтэграцыі пачынаецца 1 студзеня 2012 г., калі ўступіць у сілу пакет дакументаў для фармавання Адзінай эканамічнай прасторы. Камісія Мытнага саюзу ператворыцца ў Еўразійскую эканамічную камісію, якая прыступіць да выканання сваіх новых паўнамоцтваў з наступнага года. Па выніках сустрэчы Хрысценка адзначыў, што «яна ў нейкай ступені падвяла базіс або рысу пад поўным узаемаразуменнем паміж Расеяй і Беларуссю ў поглядах на гэты новы орган». «Нават не вельмі істотных разыходжанняў на сённяшні момант няма», – адзначыў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў