Чаргінец: Пісьменніка хваліць нельга, а то пачне гарэлку піць


Падрабязнасцямі жыцця Саюзу пісьменнікаў Беларусі на прэсавай канферэнцыі ў Менску падзяліўся кіраўнік арганізацыі.

Чаргінец апавёў журналістам, як у 2005 годзе ў краіне з’явіліся два аб’яднанні пісьменнікаў.

“Апошнія з’езды Саюзу беларускіх пісьменнікаў (СБП) праходзілі не пад сцягам літаратуры, а пад сцягам палітычных патрабаванняў да ўладаў. Можна было б выказваць і прэтэнзіі да ўлады, але, напэўна, праз прызму таго, што павінны рабіць пісьменнікі ды іхны саюз. Аніводнае рашэнне на з’ездах не прымалася ў справе літаратуры, а толькі “далоў” – заявы, рэзалюцыі. Мы неаднаразова звярталі ўвагу калегаў, што гэта нядобра для Саюза пісьменнікаў, у газетах публікаваліся звароты, дзе мы заклікалі стаць на шлях літаратурны”.

Паводле Чаргінца, у адказ ад апанентаў чулася: калі гэтак, трэба разысціся. У 2005 годзе з 75 пісьменнікаў выйшлі з СБП з мэтаю стварыць Саюз пісьменнікаў Беларусі.

“Нас, канечне, не задавольвала, што той саюз, не звяртаючыся да з’езда, змяніў назву аб’яднання, – дадаў кіраўнік СПБ, – якую далі ў 1933–1934 гадах Янка Купала і Якуб Колас, і назваў яго Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Гэтым, на жаль, хацелі даказаць, што пісьменнікам, якія не пішуць па-беларуску, дарога ў саюз закрытая”.

Адказваючы на пытанне, як кіраўніцтва Саюзу ўспрымае крытыку на адрас пісьменнікаў, што прагучала на мінулым тыдні з вуснаў кіраўніка дзяржавы, старшыня СПБ Мікалай Чаргінец заявіў: “Мы не хвалім сябе, а проста адзначаем асобныя поспехі асобных нашых пісьменнікаў, мяркуючы, што Саюз мусіць гадаваць больш талентаў і выйсці на сусветныя ўзроўні твораў. У Беларусі ўжо напісалі і сваю “Узнятую цаліну”, і “Вайну і мір” – калі скласці творы і Танка, і Шамякіна, і Быкава, мы лёгка адкажам на гэтыя пытанні. Час цяпер такі – напэўна, больш паспяховыя будуць тыя, хто будзе пасля нас. Цяжка з наскоку знайсці і твор такі, які б адпавядаў – некаторым удаецца… Прэзідэнт ставіць планку, да якой павінны цягнуцца пісьменнікі Беларусі, і правільна робіць. Тым больш ведаючы характар пісьменніка: калі нашага брата хваліць, дык ён стане толькі гарэлачку папіваць, мяркуючы, што ён ужо плавае ў аблоках славы. Таму мы ўспрымаем крытыку нармальна і не хочам сказаць, што трымаем Бога за бараду. Будзем старацца пісаць кнігі лепш і дапамагаць нашым талентам гэта рабіць”.

belsat.eu
https://youtu.be/xw5ovnXVM44

Глядзі таксама
Каментары