Была газета, стане дадатак?


Існаванне адзінай беларускамоўнай дзіцячай газеты “Раніца” – пад пагрозаю.

“Белпошта” падпіскі на выданне не прымае з кастрычніка. Міністэрства адукацыі (сузаснавальнік “Раніцы”), праўда, запэўнівае, што гэта часова. Паводле чыноўніка, перабоі з падпіскаю выкліканыя тым, што газета мяняе свой статус – з асобнага выдання пераўтвараецца ў дадатак газеты для падлеткаў “Переходный возраст”. Прычынаю таму – эканамічны крызіс, праз які, нібыта, стала стратна выдаваць газету.

Паводле вядомага блогера і журналіста Глеба Лабадзенкі, пачаўся працэс, у якім беларуская мова сыходзіць нават з фармальнага, шыльдавага поля.

“Назіраецца цікавая тэндэнцыя: напрыклад, аўтавакзал “Цэнтральны” аформілі выключна па-расейску – няма беларускіх шыльдаў. Кінатэатр “Радзіма” стаў кінатэатрам “Родина”. І тут тое ж самае – гэтая шыльдавая беларуская прэса, якую яны пакінулі ў такім гета, была раней дзеля наміналу. А зараз нават такі фармат непатрэбны, і заўсёды можна прыкрыцца крызісам, маўляў, грошай няма”, – кажа Лабадзенка.

Беларускі філолаг і выкладчык Лявон Баршчэўскі не дзівіцца з таго, што крызіс паўплываў на існаванне менавіта беларускамоўнага выдання: “Улады разумеюць, што прапаганду зручней весці на расейскай мове. На такія выданні ў бюджэце заўсёды знойдуцца датацыі”. Спадар Баршчэўскі адзначае, што на дзяржаўным узроўні беларуская мова ігнаруецца паўсюль, і на змену стаўлення да яе пры цяперашняй уладзе спадзявацца, на жаль, не выпадае.

Газета “Раніца” – спадкаемніца найстарэйшай дзіцячай беларускамоўнай газеты «Піянер Беларусі», якая выходзіла з 1929 года. У «Піянеры Беларусі» некалі дэбютавалі паэты Мікола Аўрамчык, Ніл Гілевіч ды шмат хто са знакамітых цяпер паэтаў і пісьменнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў