Апошні суд за Плошчу скончыўся абвінаваўчым выракам


Суддзя Маскоўскага суда Менску Алена Рудніцкая прызнала Святаслава Барановіча вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і пакарала трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Згодна з законам, Святаслаў Барановіч мусіць стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Ён не мае права мяняць месца жыхарства, а таксама без дазволу выязджаць за межы паселішча. З 19:00 да 6:00 Барановіч павінен знаходзіцца ў сябе дома.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе гэты прысуд “псіхалагічным фактарам уздзеяння на грамадства”: “Каб людзі не пачуваліся вольна, улада хоча прадэманстраваць, што, маўляў, мы ў любы момант можам вярнуцца да гэтай справы”.

Палітык таксама праходзіў у справе 19 снежня ў якасці падазраванага, напрыканцы жніўня крымінальны пераслед у дачыненні Анатоля Лябедзькі спынілі. Аднак ён упэўнены, што ягоны выпадак, як і вызваленне раней асуджаных “дзекабрыстаў”, не ёсць сведчаннем таго, што ўлада гатовая адмовіцца ад рэпрэсіўнага механізму. “Пакуль сістэма існуе, будуць працаваць сілавыя структуры. Больш за тое: чым улада слабейшая, тым часцей яна будзе звяртацца менавіта да рэпрэсіяў”, – зазначае Анатоль Лябедзька.

Абвінавачанні ў справе 19 снежня былі выстаўленыя 46 асобам. Святаслава Барановіча арыштавалі 15 чэрвеня і змясцілі ў СІЗА на Валадарскага. Судовы працэс распачаўся 29 жніўня, у гэты ж дзень Святаславу Барановічу змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

belsat.eu

Стужка навінаў