Вырак Цімашэнкі – справядлівасць ці фатальны знак для Украіны?


11 кастрычніка суд у Кіеве выдаў вердыкт для экс-прэм’ер-міністра Украіны Юліі Цімашэнкі. Рэакцыя грамадства не прымусіла сябе доўга чакаць. Аднак погляды разышліся.

Прыхільнікі Цімашэнкі разбілі намётавы лагер каля турмы, дзе цяпер трымаюць палітыка. Экс-прэмер Украіны карыстаецца папулярнасцю шмат у якіх рэгіёнах Украіны. Аднак погляды ўкраінцаў што да вердыкту разышліся. “Не, гэта несправядліва. Калі ўжо пачынаць судзіць, калі судзілі Цімашэнку, трэба пачынаць з Краўчука, Віктара Юшчанкі ды астатніх, і паглядзець, што яны прадалі”, – гаворыць адна з удзельніц вулічнага апытання ў Кіеве.

Іншы жыхар сталіцы, Канстанцін Пермякоў, наадварот, сітуацыяй не пераймаецца. “Кожны палітык высокага ўзроўню заслугоўвае на такі самы вердыкт, як і яна. Я да гэтага стаўлюся спакойна”. Украінец Мікіта Ларыёнаў турбуецца праз сітуацыю ў краіне: “Я чытаў учора навіны, водгукі, рэакцыі іншых дзяржаваў. Гэта ўжо ідзе дэградацыя прававой дзяржавы ва Украіне”.

Прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін выказаў сваю занепакоенасць далейшым лёсам “газавых” стасункаў Расеі ды Украіны у сувязі з рашэннем украінскага суда. “Што вельмі важна, дык гэта тое, што ўпершыню за гады супрацы з Украінаю мы падзялілі кантракт на экспарт газу ў самую Украіну і на транзіт у краіны Еўразвязу. Гэта прынцыповае пытанне, бо гэта не звязвае спрэчныя двухбаковыя адносіны паміж Расеяй і Украінаю ў газавай сферы з транзітам нашага газу ў краіны Еўропы. Я лічу, што сумнявацца ў гэтым комплексе дамоўленасцяў – гэта небяспечна і контрпрадуктыўна”, – заявіў Пуцін.

Украінскі суд прызнаў Юлію Цімашэнку вінаватаю ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні стратаў дзяржаўнаму прадпрыемству “Нафтогаз України”. Вырак – 7 гадоў турмы ды забарона цягам 3 гадоў займаць дзяржаўныя пасады. Акрамя таго, суд забавязаў Цімашэнку выплаціць “Нафтогазу” 188 млн долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў