Скуратовіч: Не варта надта верыць абяцанкам дзяржавы


Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч раіць асцярожна ставіцца да абяцанняў уладаў стабілізаваць эканамічную сітуацыю. «Трэба працаваць, старацца зарабляць долары, любыя грошы, якія не друкуюцца ў Беларусі. Зарабляць, прыхоўваць, чакаць моманту, калі іх можна выдаткаваць з найбольшаю для сябе карысцю», – гаворыць эксперт.

Канстанцін Скуратовіч падкрэслівае, што сярэдні заробак памерам 500 долараў напярэдадні выбараў быў дасягнуты штучна і з мэтаю атрымаць палітычную перамогу. Рост коштаў, крызіс і абясцэньванне рубля наўпрост з гэтым звязаны – мяркуе аглядальнік. «Усе эканамісты казалі, што гэтага рабіць нельга, аднак гэта было зроблена. Цяпер гэтыя грошы адабралі», – падкрэсліў Скуратовіч.

Гэтак кошты на харчы толькі ў верасні павысіліся на 18,6 %, а ў параўнанні са снежнем 2010 г. – на 84,2 %. Больш за ўсё ў верасні падаражэлі яйкі, тытунёвыя вырабы, мяса і птушка, агародніна – не менш як на чвэрць. «Урад ужо не можа кіраваць ростам коштаў», – падкрэсліў Канстанцін Скуратовіч у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Пры гэтым чыноўнікі не вагаючыся даюць аптымістычныя прагнозы. Гэтак, намеснік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў пра эфектыўнасць захадаў, што прымаюцца ўладамі для пераадолення крызісу. «Ёсць перадумовы да таго, што да канца года праблемы на валютным рынку будуць пераадоленыя», – заявіў ён, выступаючы 7 кастрычніка на прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі расейскім медыям. «У кіраўніка дзяржавы адна мэта – прадэманстраваць стабільнасць эканомікі, а ў народу – іншая: народу трэба выжыць. Таму не трэба занадта верыць дзяржаве і яе лідару, які абяцае, што аўтаматычна пасля новага года будзе павышацца дабрабыт беларускага народу. Трэба нешта рабіць і думаць самому», – падкрэсліў Канстанцін Скуратовіч.

belsat.eu

Стужка навінаў