Еўракамісія гатовая распачаць візавыя перамовы


Пасля сустрэчы з беларускім міністрам замежных справаў еўракамісар у пытаннях палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле заявіў пра намер распачаць з афіцыйным Менскам перамовы наконт спрашчэння візавага рэжыму. “Пасля таго як гэтае пытанне будзе разгледжанае, беларусы змогуць ездзіць у краіны Еўразвязу прасцей і танней”, – падкрэсліў Штэфан Фюле.

Еўракамісар прывёз у Менск супольны прамежкавы план, падрыхтаваны Еўракамісіяй для Беларусі. Паводле Фюле, гэты дакумент уяўляе з сябе “спробу пераадолець адсутнасць глыбокіх адносінаў” паміж Беларуссю і Еўразвязам. “Гэта план таго, як паспрыяць Беларусі ў рэформах і мадэрнізацыі, як спрыяць прагрэсу ў такіх сферах, як дэмакратыя і правы чалавека”, – адзначыў Штэфан Фюле. Аднак паведамляць падрабязнасці гэтага дакументу ён не стаў. У той жа час Фюле адзначыў, што дэталёвае абмеркаванне дакументу пачнецца толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле палітыка, Еўракамісія зацвердзіла мандаты для пачатку перамоваў з Беларуссю наконт дамоўленасцяў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Цяпер гэтыя мандаты знаходзяцца на разглядзе краінаў ЕЗ.

Кажучы аб кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі еўракамісар нагадаў, што Еўрасаюз ужо называў сферы, у якіх хацеў бы бачыць прагрэс. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра рэгістрацыю кандыдатаў, фармаванне тэрытарыяльных камісіяў, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, свабодны доступ да медыяў і забеспячэнне свабоды сходаў.

“Я бачу некаторыя моманты, дзе быў дасягнуты прагрэс. Але адзначаючы прагрэс у адным кірунку, я вымушаны адзначыць, што іншыя кірункі не выклікаюць аптымізму. Я не адзначаю руху наперад, напрыклад, у адносінах да складу выбарчых камісіяў. Адзін адсотак прадстаўнікоў апазіцыі ў іх не адпавядае тым чаканням, якія мелі месца”, – падкрэсліў Штэфан Фюле.

belsat.eu

Стужка навінаў