Апошні суд за Плошчу: працяг


У судзе Маскоўскага раёну Менску працягнецца слуханне справы Святаслава Барановіча. Гэта апошні фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г.

Барановіча вінавацяць у правапарушэнні, прадугледжаным ч. 2 арт. 293 Крымінальнага Кодэксу («Удзел у масавых беспарадках»). Пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў. Аднак апошні абвінавачаны паводле «справы 19 снежня» заяўляе, што ніякіх арганізаваных масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці не было і што ён не баіцца трапіць за краты.

«Я лічу, што калі ў чалавека ёсць свае погляды на жыццё і прынцыпы, то ён мусіць іх прытрымлівацца. Бо інакш навошта мы жывем? Я маю права прагаласаваць за аднаго або за другога, або за трэцяга кандыдата. Гэта маё права. І падтрымаць на плошчу я прыйшоў не таму, што хацеў нешта нарабіць, а таму, што хацеў падтрымаць хоць маральна», – заявіў Святаслаў Барановіч у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» пасля другога паседжання суда.

Працэс пачаўся 29 жніўня, аднак яго перанеслі ў звязку з нез’яўленнем пацярпелых міліцыянераў. У той жа дзень падсуднага адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. На другім паседжанні, 28 верасня, суд заслухаў паказанні дзесяці пацярпелых – супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкаму. Усе яны на пытанне пракурора заявілі, што не ведаюць Барановіча і прэтэнзіяў да яго не маюць.

Святаслаў Барановіч часткова прызнае сваю віну. Ён не адмаўляе, што біў па шчытах, у тым ліку дубінкай, аднак заяўляе, што пачаў наносіць удары пасля таго, як сам атрымаў удар дубінкай па галаве. Абвінавачваны падкрэслівае: супрацоўнікаў міліцыі ён не біў – наносіў удары толькі па шчытах і загародах.

belsat.eu

Стужка навінаў