Антон Болтачка: Інфляцыя памерам 75 % – гэта толькі пачатак


«Станок не спыняўся ні на хвіліну, з пачатку года штомесяц урад друкаваў па трыльёне беларускіх рублёў. Асноўная прычына – неабходнасць фінансаваць стратныя прадпрыемствы, а таксама забяспечваць датацыі для насельніцтва. Таму інфляцыя, якая складае цяпер 74,5 %, – гэта толькі пачатак», – мяркуе эксперт Ліберальнага клубу, эканаміст Антон Болтачка.

Паводле яго, улады Беларусі не гатовыя да правядзення рашучых эканамічных рэформаў, і менавіта таму працягваецца практыка павялічэння грашовай масы. Гэта, у сваю чаргу, непазбежна вядзе да абясцэньвання рубля і росту коштаў. Гэтак, паводле афіцыйнае статыстыкі, толькі ў верасні кошты на харчы выраслі ў сярэднім на 18,6 %. Антон Болтачка мяркуе, што рост коштаў на гэтым не спыніцца. «Надрукаваныя грошы сёння не даюць адразу ж эфекту ў выглядзе інфляцыі. Цяпер мы маем інфляцыю ад грошай, надрукаваных у чэрвені–ліпені. Таму ўсё самае страшнае – яшчэ наперадзе», – заявіў эканаміст.

Эксперт не выключае, што ўзровень інфляцыі неўзабаве можа дасягнуць планкі 100 %. «Да гэтай пары адбываецца стрымліванне коштаў адміністрацыйнымі метадамі, і гэта нішто іншае, як нацягванне гумы чарговага вітка інфляцыі ў будучыні», – падкрэсліў эканаміст.

«Першае, што трэба зрабіць, – гэта, вядома ж, перастаць друкаваць грошы і перастаць крэдытаваць эканоміку гэтымі грашыма, – упэўнены Антон Болтачка. – Па-другое, трэба нарэшце разабрацца з беларускім рублём на біржы. Гэта значыць – даць яму свабоду. Так, будзе страшна, але гэтага падзення не пазбегчы ў будучыні».

belsat.eu

Стужка навінаў