Рубель таннее, золата менее


На дадатковых гандляваннях валютна-фондавай біржы беларускі рубель патаннеў адносна долара на 3,8 %, а да расейскага рубля – на 5,2 %.

Эксперты ўказваюць, што гэта самае вялікае падзенне рубля з пачатку дадатковых гандляванняў. Таксама ўпершыню попыт на долары, еўры ды расейскія рублі значна перавысіў прапанову. “Першыя дні пасля пачатку дадатковай сесіі шмат хто паверыў заявам кіраўнікоў Нацбанку і Міністэрства эканомікі, што курс замежнай валюты будзе падаць, і не спяшаліся яе набываць. Як толькі працэс умацавання беларускага рубля спыніўся, яны адразу пайшлі на біржу, бо разумеюць, што далей чакаць нельга”, – патлумачыў падвышэнне попыту на валюту эканаміст і прадпрымальнік Леў Марголін.

На меркаванне эксперта, долар і надалей будзе ўмацоўвацца, бо кіраўніцтва Нацбанку не робіць аніякіх канкрэтных крокаў, якія б маглі прывесці да выроўнівання попыту і спынення росту курсу амерыканскай валюты.

Як стала вядома сёння, залаты запас Нацыянальнага банку Беларусі за III квартал скараціўся на 0,5 тоны, або на 1,6 %, і склаў на 1 кастрычніка 31 тону.

“Калі яны дадуць магчымасць усталявацца рэальнаму курсу долара, а гэта, паводле прагнозаў экспертаў, 8–8,5 тысяч рублёў, то інтэрвенцыі спатрэбяцца нязначныя, – гаворыць Леў Марголін. – Калі ж будуць працягвацца спробы штучна наблізіць курс дадатковай сесіі да курсу Нацбанку, то давядзецца рабіць вельмі значныя інтэрвенцыі”.

А гэта значыць далейшае змяншэнне залатога запасу краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў