Справа чырвоных кхмераў: Камбаджыйцы патрабуюць суда


Грамадскія актывісты і жыхары камбаджыйскай сталіцы Пнампень заклікалі суд да справядлівага разбору справы чырвоных кхмераў.

Заклікі прагучалі пасля таго, як Зыгфрыд Блюнк, суддзя трыбуналу, створанага пры ААН для расследавання справы чырвоных кхмераў, абвясціў пра сваю адстаўку з прычыны ўмяшання дзяржавы ў судовы працэс. Паводле яго, прэм’ер-міністр Камбоджы, міністры інфармацыі ды замежных справаў выступілі супраць расследавання новых эпізодаў дзейнасці рэжыму.

Раней арганізацыі, у якія аб’ядналіся ахвяры рэжыму чырвоных кхмераў, крытыкавалі Блюнка за недастатковы аналіз эпізодаў, звязаных з дзейнасцю чатырох ацалелых лідараў чырвоных кхмераў, якія паўсталі перад судом.

Суд ужо выдаткаваў каля $ 100 млн і вынес толькі адзін вырак: Канг Кек Іеў атрымаў 35 гадоў турмы за ўдзел у гібелі 14 000 чалавек у славутым цэнтры катаванняў S-21 у Пнампені. Прычым пазней тэрмін скарацілі да 19 гадоў.

Абвінавачаныя на цяперашнім судовым працэсе (яго часта называюць 002) – Нўон Чэа, які быў “Братам № 2” ва ўльтра-мааісцкім рэжыме чырвоных кхмераў, былы прэзідэнт Кхіеў Сампхан, экс-міністр замежных справаў Іенг Сары і ягоная жонка Іенг Тхірытх, якая займала пасаду міністра сацыяльнай абароны. Ім выставілі розныя абвінавачанні – сярод іншага, у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці.

Прэм’ер-міністр Камбоджы Хун Сэн, які сам займаў пасаду ва ўрадзе чырвоных кхмераў, не хавае пагарды да суду і сцвярджае, што далейшыя абвінавачанні проста вярэдзяць старыя раны.

У 1975–1979 гг. праз катаванні ды пакаранне смерцю загінулі каля 1,7 млн камбаджыйцаў, або чвэрць насельніцтва краіны.

Сэнг Тхэары, дырэктарка Цэнтру грамадзянскай адукацыі, заклікала ААН узяць на сябе ініцыятыву ў забеспячэнні справядлівага судовага разбору: “ААН трэба зрабіць нашмат больш, чым проста націснуць на Блюнка, каб той сышоў у адстаўку. Гэта малюсенькі крок, і ён не змяняе хады працэсу, які рухаецца ў кепскім кірунку. Мы мусім змяніць кірунак, Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў мае ўзяцца за стырно і націснуць на ўрад, які ёсць яе партнёрам, выкарыстаўшы свае рычагі”.

Жыхары Камбоджы патрабуюць справядлівай кары для чырвоных кхмераў і спадзяюцца на супрацу мясцовых юрыстаў і прадстаўнікоў ААН.

belsat.eu
https://youtu.be/XHBbQ6CloBk
https://youtu.be/uERmCVzOXCo

Глядзі таксама
Каментары