Беларускамоўнага рэпера паклікалі здымацца ў серыял


У Менску пачалі здымаць моладзевы серыял “Вышэй за неба” пра музыку і СНІД. Фільм пакажуць у Дзень святога Валянціна, 14 лютага 2012 г. Адну з роляў будзе выконваць беларускамоўны рэпер Вінсэнт.

“Сапраўды, акторскі склад выглядае зорным. Сабраліся людзі самых розных прафесіяў, напрыклад, вядомыя спартоўкі Аляксандра Герасіменя і Дар’я Домрачава. Сярод музыкаў, апроч мяне, ролю мае Уладзімір Пугач з “J:Морс”. Асабіста для мяне прыемна, што ў серыяле загучыць беларуская мова”, – кажа Вінсэнт. Праўда, некаторыя героі, паводле задумы рэжысёра, расейскамоўныя.

Сцэнарыст стужкі, драматург Андрэй Курэйчык пакуль не раскрывае ўсіх падрабязнасцяў раскладзенага на восем серыяў сюжэту. Усё, што пакуль вядома, – гэта анатацыя: “Галоўны герой – лідар моднага гурта Мікіта Міцкевіч, харызматычны, разумны, які жыве паводле сваіх прынцыпаў і не гатовы імі паступацца дзеля грошай. Ён змагаецца за лідарства з вакалістам ягонага гурта Стасікам, які ўявіў сябе “зоркаю”. Але тут адбываецца падзея, якая змяняе ўсё ягонае жыццё…”.

Фільм здымаецца на грант Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, сухотамі ды малярыяй ААН, таму адною з галоўных задачаў фільму стане разбурэнне стэрэатыпаў, што склаліся ў беларусаў пра ВІЧ.

belsat.eu

Стужка навінаў