МЗС Польшчы: Заявы Лукашэнкі пра мяжу – безадказныя


Амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка выклікалі ў польскае Міністэрства замежных справаў з нагоды выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас Польшчы падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх медыяў.

У прыватнасці, адказваючы на пытанне, якое датычыцца няўдзелу Беларусі ў нядаўнім саміце “Усходняга партнёрства”, Лукашэнка заявіў: кіраўнікі Польшчы “спяць і бачаць, што мяжа каля Менску праходзіць, яны ніяк не могуць пагадзіцца, што мяжа там, за Горадняю”. “Як жа Лукашэнку запрасіць на “Усходняе партнёрства”? Ну, не запрасілі Лукашэнку – мы пасылаем амбасадара ў Польшчу. Нармальная практыка, панізілі мы ўзровень дэлегацыі. Аказваецца, гэта не тое. Амбасадара сталі выбіральна запрашаць на мерапрыемствы, і ён адмовіўся прыніжацца перад імі”, – заявіў Лукашэнка.

Як інфармуюць прэс-службе польскага МЗС, сёння амбасадару Гайсёнку было паведамлена: заявы Лукашэнкі пра тое, што ва ўладаў Польшчы ёсць жаданне перагледзець беларуска-польскую мяжу, “відавочна неабгрунтаваныя”. Незалежная Польшча ніколі не ставіла пад сумнеў недатыкальнасці існай мяжы з Беларуссю.

“Падобныя заявы носяць відавочна падбухторвальны характар, яны безадказныя і накіраваныя на тое, каб выклікаць непатрэбныя праблемы ў дачыненнях суседзяў, – падкрэсліваюць у Міністэрстве замежных справаў Польшчы. – Беларускае грамадства добра ведае, што Польшча ў сваёй палітыцы адносна Беларусі арыентуецца на еўрапейскія каштоўнасці, якія закліканыя абараняць правы чалавека і асноўныя свабоды, і прапаноўвае распачаць рэальны сацыяльны дыялог дзеля дэмакратычных зменаў у Беларусі”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары