Эштан: Цяпер Еўразвяз не гатовы аднавіць дыялогу з Беларуссю


Еўразвяз цяпер не гатовы разглядаць пытанне аб аднаўленні дыялогу з Беларуссю. Такую заяву зрабіла ў Люксембургу 10 кастрычніка вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

“На гэтай стадыі мы не гатовыя разглядаць аднаўленне дыялогу, пакуль не ўбачым – і гэта было ясна агучана, – што ўсе палітычныя вязні вызваленыя і рэабілітаваныя”, – заявіла Эштан на прэс-канферэнцыі, што транслявалася праз сайт Рады Еўразвязу.

“Я сапраўды спадзяюся, што ўбачанае намі нядаўна – станоўчы знак, і што цяпер улады Беларусі гатовыя выпусціць і рэабілітаваць астатніх вязняў, і маглі б рухацца далей. Калі б яны гэтак зрабілі, мы б, вядома, маглі ўзаемадзеяць”, – заявіла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу.

Рада Еўразвязу 10 кастрычніка ў Люксембургу прыняла рашэнне дапоўніць 16 прозвішчамі спіс чыноўнікаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны ЕЗ і чые актывы на яго тэрыторыі ў выпадку выяўлення мусяць быць замарожаныя. Абмежавальныя захады датычацца тых, хто, на думку міністраў замежных справаў краінаў Еўразвязу, адказны за “рэпрэсіі ў дачыненні грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі ды незалежных медыяў у Беларусі”, зазначаецца ў камюніке Рады Еўразвязу.

Санкцыі супраць уладаў Беларусі Рада ЕЗ увяла ў студзені 2011 г. у адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Менску. Цяпер у спісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу, больш за сто прозвішчаў. Чакаецца, што рашэнне рады ды імёны 16 закранутых ім беларускіх чыноўнікаў будуць апублікаваныя ў афіцыйным часопісе Еўразвязу.

belsat.eu

Стужка навінаў