Беларускі рубель ізноў слабее


Абменныя пункты купляюць амерыканскую валюту ў насельніцтва па 8000 бел. руб. за долар.

Апошнім часам курс беларускага рубля толькі ўмацоўваўся. Улады Беларусі паспяшаліся заявіць, што долар можа абваліцца ніжэй за 5000 руб. А кіраўнік краіны запэўніў на сустрэчы з расейскімі журналістамі, што сітуацыя стабілізавалася настолькі, што да канца года беларусы канчаткова забудуць аб праблемах на валютным рынку.

Аднак пакуль гэтыя прагнозы не спраўджваюцца: беларускі «зайчык» зноўку пачаў здаваць свае пазіцыі. Незалежны эканаміст Яўген Прэйгерман мяркуе, што гэтаму паспрыяла заява главы Нацбанку Надзеі Ермаковай. «Думаю, нейкі час мы зможам пратрымацца, але, хутчэй за ўсё, у кастрычніку, каб не дапусціць рэзкага скоку долара ўверх, нам прыйдзецца праводзіць інтэрвенцыі», – паведаміла Надзея Ермакова, выступаючы ў Савеце Рэспублікі.

«Імаверна, людзі зразумелі, што рэсурс заканчваецца, і што выплачаныя 500 тысячаў на гародніну – гэта пустыя эмісійныя грошы, якія пацягнуць за сабой інфляцыю. Зразумела, што пры такіх умовах курс беларускага рубля не зможа далей умацоўвацца, таму попыт на валюту на дадатковай сесіі і пачаў расці», – тлумачыць эканаміст.

Ён таксама ўказвае на тое, што рынкавы характар дадатковай сесіі валютнай біржы выклікае сумнеў: «Відавочна, што без адміністратыўнага рэсурсу там не абыходзіцца». «Беларусы і сапраўды да канца года не ўспомняць пра праблемы з валютаю, але толькі ў тым сэнсе, што з абменных пунктаў яна не знікне. Але што нас чакае ў доўгатэрміновай перспектыве – гэтае пытанне застаецца пакуль без адказу», – зазначае Яўген Прэйгерман. Эканаміст гаворыць, што калі і далей курс будзе рэгулявацца адміністрацыйна і не будзе адпавядаць валютным рэзервам дзяржавы, калі пачнецца рост імпарту, то чарговая дэвальвацыя непазбежная.

belsat.eu

Стужка навінаў