Народны сход не праваліўся


Прынамсі гэтак мяркуюць арганізатары акцыі. Паводле старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, сходу проста не хапіла людскіх ды інфармацыйных рэсурсаў.

Да таго ж перашкодзілі ўлады: «Прэвентыўныя захады былі настолькі шырока разгорнутыя па ўсёй рэспубліцы, асабліва ў рэгіёнах, што складвалася ўражанне, быццам улада сама баялася і не ведала, што рабіць далей», – заявіў Фядыніч.

Ён паведаміў, што арганізатары акцыі цяпер аналізуюць, «што ўдалося зрабіць, а што не». «Не трэба казаць, што дождж перашкодзіў. Мы яшчэ недастаткова папрацавалі з людзьмі. Мы яшчэ самі вучымся, як працаваць з грамадзянамі», – падкрэсліў Фядыніч.

У сваю чаргу Віктар Івашкевіч, чалец аргкамітэту Народнага сходу, падкрэсліў, што «больш за палову людзей, якія прыйшлі на сходы, не былі палітычна ангажаванымі».

«Гэта людзі, якія адчулі, што больш так жыць нельга, цярпець нельга. На прыток гэтых новых людзей мы ў значнай ступені і спадзяемся, плануючы далейшае разгортванне нашай дзейнасці», – адзначыў Івашкевіч.

У рэзалюцыі Народнага сходу жыхароў Менску адным з пунктаў значыцца працяг Народнага сходу 12 лістапада.

«Несумненна, рычагоў ва ўлады сёння больш. Але грамадзянская ініцыятыва ўсё роўна будзе працягвацца – грамадзяне павінны мець пляцоўку для выказванняў сваіх патрабаванняў і мець магчымасць дыялогу з уладаю. Калі ўлада гэтага не хоча, значыць, народ павінен ведаць, што ўлада сёння ў адносінах да сваіх людзей паступае незаконна. І ўсе тыя прэвентыўныя акцыі, якія былі ў рэгіёнах, не законныя. Улада парушыла закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», – рэзюмаваў Фядыніч.

belsat.eu

Стужка навінаў