Польшча прагаласавала за Туска, а Беларусь – за Качыньскага


Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў, якія прайшлі 9 кастрычніка, большасць галасоў атрымала кіроўная партыя «Грамадзянская платформа». Яе ўзначальвае прэм’ер-міністр Дональд Туск.

За «Грамадзянскую платформу» прагаласавалі амаль 40 % выбарнікаў. Другое месца заняла правая кансерватыўная партыя «Закон і справядлівасць» на чале з экс-прэм’ерам Ярославам Качыньскім (амаль 30 %). Нечаканасцю шмат для каго аказаўся вынік новай партыі «Рух Палікота» – болей за 10 %. Саюз дэмакратычных левых сілаў упершыню за 20 гадоў атрымаў мінімальную колькасць галасоў – 8,25 %, прапусціўшы наперад Польскую народную партыю (8,36 %).

У Беларусі былі створаныя тры ўчасткі для галасавання палякаў: у Берасці, Горадні і Менску. Большасць беларускіх палякаў, якія ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах, аддалі свае галасы «Закону і справядлівасці». Партыя Ярослава Качыньскага сабрала 99 галасоў, «Грамадзянская платформа» – 75, паведамляе TVN24.pl.

У сталіцы, дзе жыве большасць удзельнікаў галасавання ў Беларусі (110 асобаў), перамагла «Грамадзянская платформа» (44 галасы). Партыя «Закон і справядлівасць» заняла ў Менску другое месца (36 галасоў), затое яна перамагла ў Берасці і Горадні.

belsat.eu

Стужка навінаў