Адсоткавую стаўку для дольнікаў могуць падняць у 6 разоў


Мяркуецца, што ўдзельнікам долевага будаўніцтва прапануюць нанова падпісаць дамовы, падняўшы адсоткавую стаўку з 5 да 31 %.

Улады пастанавілі спыніць выплату сродкаў паводле падпісаных раней крэдытных дамоваў. Кантракты дольнікаў, кватэры якіх здадуць у эксплуатацыю ў 2012 г. і пазней, на бліжэйшыя тры месяцы замарозяцца. Такая норма ўтрымліваецца ў пратаколе паседжання Савету Міністраў № 41 ад 27 верасня 2011 г.

У кліенцкай службе “Беларусбанку” “Зялёны нумар” пацвярджаюць, што дольнікі ў наступныя месяцы не атрымаюць ні рубля. Ці зменіцца сітуацыя ў студзені – невядома. Апроч таго, стаўка паводле ўжо падпісаных дамоваў можа быць перагледжаная. “Цяпер крэдыты для тых, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне ўмоваў, выдаюць пад 31 %. Таму стаўка 5 %, мякка кажучы, не адпавядае часу. Хутчэй за ўсё, людзі, якія падпісалі дамовы, атрымаюць магчымасць узяць новы крэдыт пад 31 %”, – кажуць у “Беларусбанку”.

“Найлепшае, што могуць цяпер зрабіць дольнікі, – імкнуцца выплачваць долю крэдыту сваімі грашыма. Кошт квадратнага метру кватэраў штомесяц расце, але індэксуецца толькі неаплачаная частка, – кажуць у кампаніі “Арэса-Сэрвіс”. – Пакуль што нам далі негалоснае ўказанне не разрываць дамоваў з тымі, хто будуецца пад 5-адсоткавы крэдыт, хоць такое права ў нас ёсць, калі дольнікі не будуць пералічваць грошай”.

belsat.eu

Стужка навінаў