Чорны спіс пашырыўся. Прозвішчы назавуць заўтра


Рашэнне павялічыць спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Еўразвязу, прынялі 10 кастрычніка на паседжанні міністраў замежных справаў ЕЗ у Люксембургу.

Пра гэта паведаміла Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Паводле звестак агенцтва “France Press”, кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў замежных справаў узгаднілі рашэнне пра ўвядзенне для афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі ды Ірану, імёнаў якіх пакуль не называюць, забароны на ўезд у краіны Еўразвязу. Акрамя таго, будуць замарожаныя і актывы гэтых асобаў на тэрыторыі Еўразвязу.

Чакаецца, што рашэнне савета і імёны 16 беларускіх чыноўнікаў, якія папоўнілі спіс неўязных у ЕЗ, надрукуюць 11 кастрычніка ў афіцыйным часопісе Еўразвяза.

7 кастрычніка польскае інфармацыйнае агенцтва РАР паведаміла, што Еўразвяз плануе пашырыць санкцыі супраць яшчэ 16 беларускіх чыноўнікаў, і гэтае рашэнне можа быць прынятае 10 кастрычніка ў Люксембургу.

Санкцыі супраць уладаў Беларусі Рада Еўразвязу ўвяла ў студзені 2011 г. у адказ на жорсткі разгон дэманстрацыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 г. у Менску. Пакуль у спісе чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю аб’яднанай Еўропы, – 192 прозвішчы.

21 верасня Міністэрства замежных справаў Літвы ініцыявала ўнясенне імёнаў 18 беларускіх чыноўнікаў у спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Літву, і заклікала іншыя краіны Еўразвязу далучыць іх да сваіх нацыянальных спісаў неўязных.

belsat.eu

Стужка навінаў