Сікорскі зноў заклікае Лукашэнку пайсці шляхам Ярузэльскага


Еўразвяз, і Польшча ў тым ліку, “не мусяць байкатаваць Лукашэнку”, заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Ён лічыць, што кіраўніка Беларусі варта “заахвочваць, калі ён зрабіў штосьці станоўчае, і караць, калі зрабіў нешта насуперак еўрапейскім каштоўнасцям”.

Еўразвязу неабходна працягнуць у дачыненні Менску “палітыку выстаўлення умоваў”, падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі. “Калі Лукашэнка выпускае людзей з турмаў і аслабляе гайкі, як гэта было перад выбарамі 2010 г., то мы з ім размаўляем, прапаноўваем працягваць такі курс. Калі ён садзіць сваіх апанентаў у турмы – тады трэба накладаць санкцыі”, – растлумачыў Сікорскі.

На пытанне, ці не здаецца яму, што ў аб’яднанай Еўропы няма дзейсных спосабаў уплыву на Беларусь, міністр замежных справаў Польшчы, якая старшынюе ў Еўразвязе, адказаў: “Найбольшы ўплыў на падзеі ў Беларусі маюць самі беларусы. Цяпер сітуацыя ў Беларусі кантралюецца прэзідэнтам і ягоным асяроддзем, а нам хацелася б, каб яе кантраляваў беларускі народ”.

На думку Сікорскага, “лёс дыктатараў, якія за апошнія месяцы страцілі ўладу”, – нагода задумацца для кіраўніцтва Беларусі.

На пытанне, ці мяркуе Сікорскі, што беларускі рэжым здольны мяняцца, дэмакратызавацца, кіраўнік МЗС Польшчы адказаў: “Лукашэнку яшчэ не позна пайсці дарогаю Ярузэльскага, які цяпер жыве ў сваёй краіне і якога нядаўна наведаў у лякарні Лех Валэнса”.

Пры гэтым польскі міністр назваў “лухтою” заявы кіраўніцтва Беларусі пра тое, што жорсткая палітыка Варшавы ў дачыненні афіцыйнага Менску тлумачыцца прэтэнзіямі Польшчы на значную частку беларускай тэрыторыі.

Сікорскі паведаміў, што польскае Міністэрства замежных справаў мае намер 10 кастрычніка выклікаць амбасадара Беларусі ды заявіць яму рашучы пратэст, бо “мы не можам памяркоўна ставіцца да такіх нічым не абгрунтаваных выказванняў”.

Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў 7 кастрычніка заявіў, што палякі – “запявалы” жорсткай палітыкі Еўразвязу ў дачыненні кіраўніцтва Беларусі, бо “спяць і бачаць, што мяжа каля Менску праходзіць”.

Радослаў Сікорскі, хутчэй за ўсё, будзе займаць цяперашнюю пасаду і ў новым урадзе. Пра гэта заявіў лідар партыі “Грамадзянская платформа” Дональд Туск, якая, паводле папярэдніх звестак, перамагае на парламенцкіх выбарах, набраўшы амаль 40 % галасоў. Другое месца займае правацэнтрысцкі “Закон і справядлівасць” з вынікам 30,03 %.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары