На Народны сход у рэгіёнах прыйшлі каля дзвюх тысячаў чалавек


Сустрэчы прайшлі 8 кастрычніка ў чатырох абласных цэнтрах і 11 іншых гарадах, паведамілі ў аргкамітэце акцыі.

У Віцебску ў Народным сходзе ўдзельнічалі 300 чалавек (без затрыманняў), у Магілёве – 250 (без затрыманняў), у Гомлі – 400 (затрымалі чальцоў аргкамітэту), у Берасці – 250 (затрымалі старшыню мясцовага аргкамітэту Зінаіду Міхнюк).

Сходы прайшлі таксама ў Вілейцы (50 чалавек), Слуцку (20), Глыбокім (80, падчас акцыі затрымалі арганізатара), Полацку (60, арганізатараў затрымалі напярэдадні, на месцы збору праводзілася імпрэза БРСМ), Наваполацку (50, арганізатара затрымалі), Бабруйску (200, на месцы збору праводзіўся кірмаш, арганізатараў затрымалі на сходзе), Баранавічах (100, арганізатара затрымалі), Слоніме (30, арганізатараў затрымалі на сходзе), Кобрыні (10, міліцыя перапісала пашпартныя звесткі ўсіх удзельнікаў), Воршы (72) і Жлобіне (100).

У некаторых паселішчах сходы не адбыліся праз перашкоды з боку ўладаў (Дзісна, Рэчыца, Светлагорск, Мазыр, Ліда).

У Менску ў парк Дружбы народаў каля плошчы Бангалор, прыйшлі прыкладна 600 чалавек, у тым ліку некалькі дзясяткаў актывістаў руху анархістаў, якія стаялі адасобленаю групаю з чырвона-чорнымі сцягамі ды перыядычна выкрыквалі ў мегафон лозунгі: “Улада нараджае паразітаў!”, “Свабода, роўнасць, анархакамунізм!” Каля дзесяці прыхільнікаў руху затрымалі. Як паведамляе сайт http://abc-belarus.org/, у Савецкім РУУС іх знялі на відэа, узялі адбіткі пальцаў, пасля чаго адпусцілі без складання пратаколаў.

Раніцаю 8 кастрычніка ў сталіцы зладзілі серыю прэвентыўных затрыманняў анархістаў, каб не дапусціць іхнага ўдзелу ў акцыі. Гэтак, міліцыянты зламалі замок і ўварваліся ў дом, дзе начаваў Ігар Трухановіч. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства. Адміністрацыйная справа будзе разглядацца ў панядзелак, 10 кастрычніка, у судзе Менскага раёну. Да суда актывіст застанецца ў РУУС.

Актывістаў грамадзянскай ініцыятывы ў справе барацьбы з беднасцю “Ежа замест бомбаў” Мікіту Уласенку і Барыса Ашчэпкава таксама затрымалі раніцаю 8 кастрычніка ў іхных дамах. Даставілі ў розныя РУУС Менску, дзе трымалі да 15:00. Аніякіх пратаколаў не складалася.

Жонцы палітзняволенага Мікалая Дзядка Валерыі Хоцінай 7 кастрычніка а 21:50 участковы прынёс позву на допыт у справе аб крадзяжы мабільнага тэлефона 19 жніўня ў адной з вёсак Менскага раёну, дзе Валерый ніколі не быў. Допыт прызначаўся на 12:00 8 кастрычніка.

Яшчэ некалькіх чалавек міліцыя напярэдадні акцыі шукала на адрасах рэгістрацыі. Да прыкладу, працаўнікі праваахоўных органаў наведалі маці актывіста Партыі зялёных Уладзіміра Валодзіна. Некаторым міліцыянеры тэлефанавалі на мабільныя.

belsat.eu

Стужка навінаў