Фільм «Белсату» атрымаў дзве ўзнагароды на фестывалі «Лістапад»


Фільм «Днюка», дакументальную стужку Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі, знятую для тэлеканалу «Белсат», узнагародзілі на XVII Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у дзвюх намінацыях. Фільм адзначылі як найлепшы неігравы паводле Гільдыі кінакрытыкаў і кінаведаў Беларускага Саюза Кінематаграфістаў. Другая ўзнагарода – гэта дыплом журы маладога неігравога кіно «за ўніверсальнасць рэжысёрскай прафесіі».

Стужка «Днюка» сталася адзіным фільмам беларускіх творцаў, узнагароджаным на фестывалі ў Менску. У конкурсе неігравога кіно апроч «Днюкі» ўдзельнічалі 20 стужак з розных краінаў свету.

Фільм здымалі ў вёсцы Лышча на Піншчыне. «Днюка» распавядае пра паўсядзённасць палескага сяла. Гэта вельмі маляўнічы і натуралістычны вобраз мікракосмасу людзей сталага веку, часам смешны, часам журботны. На першым месцы ў фільме адносіны паміж мужчынам і жанчынаю.

«Для мяне былі важныя эмоцыі, я хацеў паказаць, данесці да гледача цёплыя адносіны, якія існуюць паміж героямі фільму, нягледзячы на лаянкі, якія паміж імі адбываюцца», – прызнаўся Андрэй Куціла.

Беларуская стужка раней здабыла дзве міжнародныя ўзнагароды – галоўную ў намінацыі «Найлепшая дакументальная стужка» на V Міжнародным кінафестывалі незалежнага кіно, які адбыўся ў жніўні ў Львове (Украіна), і прыз «Залаты Жабрак для найлепшага рэгіянальнага тэлеканалу» на XVI Міжнародным фестывалі рэгіянальных тэлевізіяў, што прайшоў сёлета ў чэрвені ў Кошыцэ (Славаччына).

Праз некалькі дзён «Днюка» пазмагаецца з найлепшымі фільмамі свету за ўзнагароду Міжнароднага фестывалю дакументальных фільмаў у Амстэрдаме IDFA – аднаго з найбольш прэстыжных у свеце. IDFA пройдзе 17–28 лістапада 2010 г.

Беларуская «Днюка» ўдзельнічае ў ім пад назваю «Kill the day».

Стужка навінаў