Туск: Калі Беларусь выканае ўмовы, дамо нават болей за $ 9 млрд


Каментуючы выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што абяцаныя Беларусі 9 млрд долараў – “гэта толькі качка”, Туск сказаў: “Я ўпэўнены ў тым, што пасля нашых кансультацыяў з большасцю кіраўнікоў дэмакратычнага свету дапамога Беларусі можа нават перавысіць 9 млрд долараў”.

Пры гэтым польскі прэм’ер падкрэсліў, што такія выплаты магчымыя толькі ў выпадку выканання ўмоваў адносна захавання правоў чалавека, дэмакратычных свабодаў і правядзення вольных выбараў.

9 кастрычніка ў Польшчы праходзяць выбары ў Сейм. Пасля галасавання на адным з участкаў Варшавы Туск – лідар партыі “Грамадзянская платформа” – выказаў надзею, што “Беларусь таксама дачакаецца свабодных і справядлівых выбараў – такіх, як у Польшчы”.

30 верасня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў саміту “Усходняга партнёрства” ў Варшаве прэм’ер-міністр Польшчы, якая старшынюе ў ЕЗ, заявіў, што Еўразвяз гатовы вылучыць Беларусі да 9 млрд долараў на правядзенне рэформаў у выпадку выканання пэўных умоваў: вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных, дыялог з апазіцыяй і правядзенне свабодных выбараў.

7 кастрычніка ў Менску на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх СМІ Лукашэнка назваў гэта “качкаю”. “Калі б яны мне паабяцалі, я б падумаў, што яны звар’яцелі. Хто ж табе возьме і дасць 9 мільярдаў? Нават калі гэта крэдыт, то мы яшчэ падумаем. Калі пад 6–7 % – гэта непрымальна, а 5 і ніжэй – наўрад ці нехта дасць. А як кітайцы пад 2–2,5 %, то гэта рэдкасць”, – сказаў ён.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары