“Улады панічна баяцца народных пратэстаў”


“Дзекабрысты” лічаць што, нягледзячы на малую колькасць удзельнікаў сённяшняя акцыя напалохала ўлады.

“Усе тыя падзеі, што папярэднічалі сённяшняму дню, усе тыя арышты і прэвентыўныя затрыманні, што былі скіраваныя на тое, каб не дапусціць Народнага сходу, прадэманстравалі, наколькі панічна яны баяцца народных пратэстаў”, – гаворыць удзельнік ініцыятывы былы палітвязень Мікіта Ліхавід. Хлапец прызнаецца, што ў гэтых умовах не чакаў і такой прысутнасці людзей.

Як гаворыць намесніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка, рыхтаванне адпавядала таму, што сёння адбылося на плошчы Бангалор. “Мы неяк прызвычаіліся, што ўсё атрымліваецца само сабою. Канечне, не дапрацавалі. Напрыклад, і ў тым, што рэкламы акцыі амаль не было. Але мяне радуе, што ў краіне ёсць людзі, што перамаглі свой страх і выходзяць на вуліцы. Таму не трэба пасыпаць галаву попелам, трэба рухацца наперад. Самае галоўнае, каб сённяшняя акцыя паўплывала на лёс палітвязняў”, – зазначае Наста Палажанка.

Мікіта Ліхавід лічыць: калі апазіцыя здолее давесці да грамадства, што гэта акцыі не палітычныя, а сацыяльныя, што трэба выходзіць на плошчу не за палітычную ідэю, а дзеля адстойвання ўласных інтарэсаў, наступны Народны сход збярэ большую колькасць удзельнікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў