Уладзімір Падгол: Шоу Лукашэнкі правалілася


https://youtu.be/dLOd6JA3eDg
“Лукашэнка нарабіў за гэты выступ столькі правальных тэзаў, што гэтае шоу з расейскімі журналістамі паспрыяе далейшаму абвалу ягонага рэйтынгу”, – заявіў палітолаг і публіцыст Уладзімір Падгол, каментуючы чатырохгадзінную прэс-канферэнцыю Лукашэнкі з удзелам расейскіх журналістаў.

Палітолаг звяртае ўвагу на то, што, адказваючы на пытанні журналістаў пра заробкі беларусаў, Аляксандр Лукашэнка пазбягаў называць канкрэтныя лічбы. “Калі на Усенародным сходзе ён казаў: у нас 500 долараў заробкі, мы мусім праз два гады 1 000 долараў забяспечыць. Цяпер ужо лічбы нібыта не маюць значэння, – гаворыць Уладзімір Падгол. – Маўляў мы кормім дзетак, у нас бясплатная медыцына. І тут пайшоў паток хлусні”. Уладзімір Падгол зазначае, што ў беларускіх школах за харчаванне дзяцей плоцяць бацькі, а не дзяржава, як пра гэта заявіў Лукашэнка расейскім журналістам. “Можа ягонага Колю і кормяць там бясплатна, і таму ён лічыць, што астатніх дзетак таксама так кормяць”, – дадаў палітолаг.

“Шоу правалілася. Ранейшыя шоу з расейскімі журналістамі будаваліся сапраўды на падмурку падвышэння заробку, пэўнага падвышэння ўзроўню жыцця, а тут – проста яма, абвал, – гаворыць Уладзімір Падгол. – Такія шоу ў варунках, калі ўсё валіцца і падае, – гэта палітычнае самагубства. Замест таго каб сказаць: так, я вінаваты, так, мы тут праваліліся, там мае людзі праваліліся, прабачайце, мы “вырулім” і “выцягнем”, – ён пачынае распавядаць, што ў нас ледзь не рай на зямлі і людзі мусяць быць шчаслівыя, жывучы ў гэтым раі”.

Балюча Лукашэнка адрэагаваў на рэпліку аднаго з журналістаў пра апошнія вынікі сацыялагічных доследаў НІСЭПД, паводле якіх рэйтынг кіраўніка дзяржавы ніжэйшы за 30 %. “Гэта шоу дыктатара, які панічна напалохаўся зніжэння свайго рэйтынгу, і ён адкрыта пра гэта казаў. Прафесар, доктар сацыялогіі Манаеў, які засведчыў падзенне рэйтынгу, стаў ворагам № 1. Лукашэнка ратуе свой рэйтынг і ратуе сваю маральную ўладу над людзьмі”, – зазначыў Уладзімір Падгол.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары