Народны сход


Народны сход меўся адбыцца сёння ў Менску, дый у шэрагу іншых беларускіх гарадоў. Паводле арганізатараў, удзельнікі сходаў збяруцца разам, каб абмеркаваць сацыяльныя, палітычныя ды эканамічныя праблемы краіны, а таксама шляхі іх развязання. Улады называюць ініцыятыву правядзення сходаў незаконнаю.

Мерапрыемства адбылося толькі ў Менску, дзе Народны сход сабраў ад 500 да 700 чалавек. Большая частка месцаў правядзення сходаў сёння пуставала. Арганізатары абвяшчаюць аб прыпыненні акцыі да 12 лістапада.

14:02

Праваахоўнікі не ўтрымаліся. Калі людзі ўжо разыходзіліся, на прыпынку каля плошчы Бангалор некалькіх анархістаў кінулі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым кірунку.

13:57

На гэты час можна з упэўненасцю сказаць, што ў рэгіёнах народныя сходы не адбыліся. У абласных цэнтрах сабраліся па некалькі дзясяткаў чалавек. У большасці ж заяўленых гарадоў – месцах правядзення сходу на сустрэчу аніхто не прыйшоў

13:51

Пачалі выступаць усе ахвотныя. Людзі казалі пра хлусню ўладаў, успамінаючы ўчорашні выступ Лукашэнкі, дзе ён казаў пра сярэдні заробак 500 долараў. Арганізатары вырашылі скончыць сустрэчу. “Народны сход не скончаны, а прыпынены да 12 лістапада”, – заяўляюць арганізатары. Яны спадзяюцца на большую колькасць удзельнікаў і лепшае надвор’е. 10 кастрычніка Фядыніч і Івашкевіч занясуць прынятыя на сходзе патрабаванні ў Савет Міністраў.

13:40

Сярод удзельнікаў Народнага сходу – некалькі дзясяткаў анархістаў з расцяжкаю “Свабода, роўнасць, братэрства”. Не зважаючы на Івашкевіча, яны скандуюць лозунгі: “Мы не будзем плаціць за ваш крызіс” ды інш. Праз некалькі метраў стаяць 20 фанатаў хакейнага клубу “Дынама”. Яны расцяжак не маюць, але закрываюць твары шалікамі з сімволікаю каманды.

13:36

Івашкевіч называе патрабаванні да ўраду: індэксацыя пенсіяў і заробкаў, адмена кантрактнай сістэмы, вызваленне палітвязняў і правядзенне новых дэмакратычных выбараў. Гэтыя патрабаванні накіруюць у Савет Міністраў. Паводле палітыка, 8 кастрычніка сход сабраў гэтак мала ўдзельнікаў праз дрэннае надвор’е і шэраг прэвентыўных затрыманняў. Чарговы народны сход адбудзецца 12 лістапада.

13:26

Зараз выступае Віктар Івашкевіч. Ён залез на скульптуру буслоў у гняздзе, як на імправізаваную трыбуну. Палітык кажа пра неабходнасць працягваць працу з насельніцтвам, “каб на Народны сход збіраліся тысячы”. Пакуль жа тысячаў няма: каля плошчы Бангалор каля 600 удзельнікаў.

13:19

Удзельнікі вырашылі не ісці на агароджаную турнікетамі тэрыторыю. Мітынг распачаўся на месцы збору. Першым выступае адзін з арганізатараў Народнага сходу Генадзь Фядыніч. Гаворыць праз мегафон – іншай гукаўзмацняльнай апаратуры няма. Ён гаворыць аб неабходнасці дыялогу, да якога ўлады не гатовыя. Папярэджвае аб магчымых “галодных бунтах”: “рабочыя на прадпрыемствах у сталоўках мусяць купляць абеды па 15-20 тысяч. У людзей такіх грошай няма. Улады павышаюць цэны і кажуць, што народ жыве ўсё лепш”.

13:12

З’явіліся расцяжкі: “Саннікаў – наш прэзідэнт” і “Свабоду Бандарэнку”. Узнялі некалькі сцягоў “Еўрапейскай Беларусі” і адно бел-чырвона-белае палотнішча.

13:04

Людзей хутка прыбывае. Некалькі соцень стаяць ля скульптуры бусла ў гняздзе, на тэрыторыю абгароджаную турнікетамі пакуль не ідуць.

12:53

На гэты момант Народны сход сабраў каля сотні ўдзельнікаў. Заўважаныя экс-кандыдаты на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі і Уладзімір Някляеў, за якім ходзіць аператар у цывільным.

12:47

Пачалі збірацца людзі. Некалькі дзясяткаў чалавек стаяць каля турнікетаў. На саму плошчу яшчэ ніхто не ідзе.

12:30

У Менску працягваецца моцны дождж, плошча Бангалор агароджаная турнікетамі. Каля нялічных уваходаў стаяць спецназаўцы з металадэтэктарамі. У рэгіёнах прайшлі прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў і арганізатараў Народнага сходу.

6 кастрычніка Генеральная пракуратура вынесла папярэджанне арганізатарам Народнага сходу ды звярнулася да грамадзянаў не паддавацца на заклікі ініцыятараў Народнага сходу і не ўдзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі.

Аднак паводле некаторых экспертаў, калі народныя сходы адбудуцца, то малаверагодна, што ўлады возьмуць у іх удзел, імавернасць таго, што паўторыцца сцэнар жорсткага разгону дэманстрантаў, як гэта было 19 снежня, таксама невялікая.

У аргкамітэт Народнага сходу ўваходзяць каля 20 чалавек. 5 кастрычніка Генадзь Фядыніч і Віктар Івашкевіч правялі прэс-канферэнцыю, на якой заявілі: народныя сходы, якія плануюцца 8 кастрычніка больш як у 25 гарадах краіны, пройдуць у любым выпадку, бо праца ўсіх ініцыятыўных групаў цалкам адпавядае Закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

У Менску Народны сход плануецца ў парку Дружбы народаў (пл. Бангалор), дзе правядзенне масавых акцыяў афіцыйна дазволенае. Арганізатары не падавалі заяўкі на правядзенне сходу, бо абраны фармат гэтага не патрабуе. Плануецца, што напрыканцы народных сходаў будуць выбраныя прадстаўнікі, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходаў уладам.

belsat.eu

Стужка навінаў