Кітайскаму мільярдэру не даюць набыць кавалак Ісландыі


Адзін з самых багатых людзей Кітаю, бізнесовец Хуан Нубо кажа, што хоча стварыць на гэтай тэрыторыі экалагічна чысты курорт. Урад Ісландыі баіцца геапалітычных наступстваў.

Уладальнік карпарацыі “Zhongkung Group”, якая займаецца нерухомасцю і турыстычнымі аб’ектамі, змагаецца з уладамі Ісландыі за права набыць 300 кв. км, што складае 0,3 % тэрыторыі краіны. На зямлі месцяцца ісландскія нацыянальныя паркі ды ўчастак адной з самых доўгіх рэкаў краіны – галоўнай крыніцы вады для Ісландыі. Бізнесовец прапаноўвае за зямлю каля $ 8,8 млн.

Угода сутыкнулася з шматлікімі юрыдычнымі ды палітычнымі перашкодамі. Першае – ісландскае заканадаўства строга абмяжоўвае набыванне зямлі замежнікамі. Другое – пабудова курорту дазволіць прадстаўнікам кітайскага бізнесу замацавацца ў Ісландыі. Газета “Financial Times” піша, што, магчыма, за мільярдэрам Нубо стаіць урад КНР, які хоча, набыўшы частку Ісландыі, выставіць прэтэнзіі на арктычны шэльф і завалодаць яшчэ не адкрытымі запасамі энергарэсурсаў.

Ёсць і іншы аспект – эканоміка Ісландыі моцна пацярпела пасля фінансавага крызісу 2008 г., а таму краіне патрэбныя сур’ёзныя фінансавыя ўліванні. Афіцыйны Рэйк’явік спачатку пагадзіўся на прапанову былога функцыянера камуністычнай партыі Кітаю, а пасля заявіў, што трэба ўважліва прааналізаваць усе ўмовы меркаванага пагаднення. Сам мільярдэр кажа, што яго цікавіць толькі бізнес і падкрэслівае, што створыць у Ісландыі новыя працоўныя месцы.

Сваю бізнес-імперыю ён пабудаваў з нуля. Кар’еру распачаў у аддзеле прапаганды камуністычнай партыі. На пачатку 1990-х гг. ён зарабіў $ 7,81 млн на продажы зямлі.

Хуан Нубо паходзіць з беднай заходняй правінцыі Кітаю. Ягоны бацька скончыў жыццё самагубствам пасля таго, як яго асудзілі за “контррэвалюцыйную дзейнасць”. Маці памерла, атруціўшыся газам на працы, калі Нубо было трынаццаць гадоў. Мільярдэр кажа, што ягонымі сябрамі сталі жывёліны, якія дапамаглі яму перажыць адзіноту ў юначыя гады. У ягоным кабінеце жывуць пяць котак, тры папугаі, малпы, вавёркі ды трусы. Яшчэ два захапленні Нубо – спорт і альпінізм.

belsat.eu

Стужка навінаў