Расея забароніць беларусам паўторна выкарыстоўваць шклотару


З 1 ліпеня 2012 г. у Мытным саюзе будзе забаронена выкарыстоўваць зваротныя шкляныя бутэлькі для алкагольных напояў і дзіцячага харчавання. Гэта азначае, што бутэлькі з-пад піва будуць аднаразовымі.

Рашэнне пралабіявалі расейскія вытворцы шкла. У Расеі штомесяц адкрываюцца новыя прадпрыемствы, якія не маюць вялікага рынку збыту. Цяпер адкрыецца дадатковы – беларускі. «Доля зваротнай шклатары ў нас перавышае 50 %, – кажуць на лікёрна-гарэлачным заводзе «БелАлка». – Рэшту мы закупляем на заводзе ў Ялізаве, але магутнасцяў гэтага шклянога прадпрыемства не хопіць, каб загрузіць нас на 100 %. А купляць бутэлькі ў Расеі – дорага».

Намеснік дырэктара ў праграмных пытаннях Цэнтру экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў бачыць у новаўвядзенні шэраг праблемаў. «Гэта перадусім парушэнне прынцыпу перадухілення адкідаў, – кажа ён. – Кожную бутэльку можна выкарыстоўваць пяць–сем разоў. Дзякуючы гэтаму ашчаджаюцца энергія і прыродныя рэсурсы».

«Энергіі, якая марнуецца на выраб усяго адной бутэлькі, хопіць на 7-гадзінную працу камп’ютара і на 24 гадзіны працы энергаашчаднай лямпы, – паведамляецца ў прэс-рэлізе «Грынпіс». – А вось ачышчэнне адной бутэлькі да стану, які адпавядае ўсім санітарным нормам, патрабуе ў 10 разоў менш энергіі, чымся выраб новай».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары