Лідскія дактары будуць лячыць літоўцаў праз інтэрнэт


Паводле дамовы, беларускія дактары будуць расшыфроўваць вынікі абследаванняў, ставіць дыягназы і прызначаць замежным пацыентам лячэнне. Усе дакументы яны будуць перадаваць праз інтэрнэт. «Фінансаванне ідзе за сродкі Еўразвязу, – кажа намеснік галоўнага доктара Святлана Глінская. – Увесь пакет дакументаў ужо падрыхтаваны і цяпер праходзіць узгадненне з Еўрапейскаю камісіяй аховы здароўя».

Дарэчы, вузлавая паліклініка ў Лідзе за сем апошніх гадоў з самай горшай зрабілася самаю лепшаю ў сістэме абслугоўвання Беларускай чыгункі. У прыватнасці, тут правялі сучасны рамонт і закупілі найноўшае абсталяванне. «Дзякуючы гэтаму, у нас з’явілася магчымасць заносіць звесткі пацыентаў у электронную базу, абменьвацца інфармацыяй з іншымі медычнымі ўстановамі. Наша паліклініка вядомая на ўсю вобласць, бо на лячэнне сюды прыязджаюць і з іншых гарадоў», – кажа доктар Аляксей Грыгаровіч.

Цяпер у паліклініцы абслугоўваюцца 25 тыс. чалавек – чвэрць насельніцтва райцэнтру. Найлепшымі лічацца аддзяленні афтальмалогіі, рэабілітацыі ды стаматалогіі, ідзе актыўная мадэрнізацыя педыятрычнага аддзялення. Кабінеты ў гэтым корпусе спраектуюць такім чынам, каб пацыенты, што ўжо выходзяць ад доктара, не сутыкаліся з тымі, хто яшчэ не быў на прыёме. Пераабсталяванне праводзіцца дзякуючы ўдзелу паліклінікі ў міжнародных праграмах.

belsat.eu

Стужка навінаў