Манаеў: Мяне затрымалі, каб сарваць брыфінг


Сваё затрыманне заснавальнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алег Манаеў тлумачыць жаданнем уладаў сарваць ягонае выступленне на брыфінгу перад дыпламатамі.

У распаўсюджанай вечарам 6 кастрычніка заяве для прэсы сацыёлаг паведамляе, што а 15:00, калі ён падыходзіў да пасольства Польшчы для ўдзелу ў штоквартальным брыфінгу незалежных экспертаў для прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу (на якім звычайна прысутнічаюць не менш як 25 дыпламатаў з самых розных амбасадаў: ад Японіі ды Расеі да Еўразвязу і ЗША), яго спыніў сяржант менскага АМАПу і сказаў, што мусіць затрымаць Манаева для высвятлення асобы.

«Праверыўшы мой пашпарт, ён пачаў правяраць, ці няма ў мяне зброі, наркотыкаў ды іншых забароненых рэчаў. Затым патэлефанаваў і паведаміў пра затрыманне, загадаўшы мне чакаць на месцы, – расказвае сацыёлаг. – Праз некалькі хвілінаў з’явіліся яшчэ два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх назваўся следчым крымінальнага вышуку Цэнтральнага раёну Менску. На маё пытанне аб прычыне затрымання адказ быў адзін: «Праедзем у аддзяленне, там вам усё растлумачаць».

Перад тым як Манаева даставілі ў Партызанскі РУУС Менску, ён паспеў звязацца з некаторымі калегамі і журналістамі. «У Партызанскім РУУС мяне правялі ў кабінет начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі падпалкоўніка Гладуна. Ён таксама праверыў мой пашпарт і асабістыя рэчы (партфель з матэрыяламі для брыфінгу). На пытанне аб прычыне затрымання – бо я жыву ў Фрунзенскім раёне і ніяк не звязаны ні з Цэнтральным, ні з Партызанскім раёнамі – ён адказаў, што паводле закону аб міліцыі мае права затрымаць мяне да трох гадзінаў без тлумачэння прычынаў. Я сказаў, што тым самым міліцыя зрывае важнае мерапрыемства, але гэта ніяк не паўплывала», – адзначае Манаеў.

Падчас знаходжання ў міліцыі яго спрабавалі абавязаць прайсці дактыласкапію, аднак у выніку праводзіць яе не сталі, вырашыўшы зрабіць запыт у ваенкамат па месцы жыхарства.

«Роўна за 5 хвілінаў да заканчэння трохгадзіннага тэрміну мне сказалі, што мяне «затрымалі для праверкі дакументаў» і адпусцілі. Аднак адзін з супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтай «аперацыі» (агулам у ёй былі задзейнічаныя амаль 10 чалавек з трох розных падраздзяленняў МУС), на пытанне, чаму затрымалі менавіта мяне, адказаў, што «загад быў менавіта на вас», – удакладняе Манаеў.

«Усе гэтыя дзеянні сведчаць пра адно – насамрэч мяне затрымалі для таго, каб сарваць запланаваны брыфінг», – падкрэслівае сацыёлаг.

Разважаючы пра тое, чаму гэта адбылося менавіта цяпер, Манаеў адзначае: «Несумненна, рэч у тым, што сёлета беларускі аўтарытарызм сутыкнуўся з самым сур’ёзным выклікам за ўсю сваю гісторыю. Пасля травеньскай дэвальвацыі беларускага рубля ў краіне пачаўся наймацнейшы сацыяльна-эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 60 %, паставіўшы сусветны рэкорд, а даходы насельніцтва паменшыліся больш чым удвая».

Заснавальнік НІСЭПД звяртае ўвагу, што паводле вынікаў апытання грамадскай думкі, праведзенага незалежнымі сацыёлагамі ў верасні, амаль 88 % рэспандэнтаў мяркуюць, што беларуская эканоміка цяпер у крызісе, прычым больш за 61 % лічыць вінаватым у крызісе самога прэзідэнта (віну ўраду прыпісваюць 44 %).

«Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўсяго за дзевяць месяцаў упаў з 53 да 20 %, дасягнуўшы гістарычнага мінімуму за ўсе 17 гадоў ягонага кіравання. Пагроза сацыяльнага выбуху робіцца ўсё больш рэальнаю. Пры надыходзе гэтых прыцемкаў улады пачынаюць баяцца ўласнага ценю», – канстатуе Манаеў.

«У чэрвені 2010 года яны спрабавалі звольніць мяне з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, у якім я прапрацаваў больш за 40 гадоў, заблакаваць інфармацыю і аналітыку, якую я і мае калегі адрасуем беларускаму грамадству. Сёння яны спрабуюць заблакаваць нашу дзейнасць па інфармаванні замежных урадаў і міжнароднай грамадскасці пра тое, як насамрэч жывуць беларусы, пра што думаюць, чым незадаволеныя, чаго хочуць. Спрабуюць «аднавіць спынены дыялог», атрымаць крэдыты і інвестыцыі, па сутнасці нічога ў краіне не змяніўшы», – упэўнены заснавальнік НІСЭПД.

«Заяўляю, што, як і раней, буду выконваць свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, і сённяшні інцыдэнт на гэта не паўплывае», – падкрэсліў у заяве Алег Манаеў.

НІСЭПД – найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 г. групаю навукоўцаў, журналістаў, палітыкаў і бізнесоўцаў. Цяпер ён зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова.

belsat.eu

Стужка навінаў