Як Пуцін ныраў за амфарамі


https://youtu.be/eYU12Gqwi7c
https://youtu.be/4d0x_UDcBsg
Прэс-сакратар расейскага прэм’ер-міністра прызнаў, што Уладзімір Пуцін не знаходзіў на дне Азоўскага мора старажытных амфараў, якія нібыта праляжалі там сотні гадоў.

У жніўні, наведваючы лагер археолагаў на беразе Таманскага заліву, Уладзімір Пуцін пагрузіўся з аквалангам на двухметровую глыбіню і выйшаў на бераг, трымаючы ў руках дзве старадаўнія пасудзіны.

Тэатральнасць гэтай падзеі адразу кінулася ў вочы шматлікім блогерам і журналістам ды выклікала шквал кпінаў. Выявіць збаны VI–VIII стст. для Пуціна аказалася на дзіва проста: дзве абсалютныя цэлыя амфары, пазбаўленыя ўсялякіх слядоў працяглага перабывання пад вадою, былі на бачным месцы, на невялікай глыбіні ды выдатна асветленыя.

Паводле Дзмітрыя Пяскова, тое, што Пуцін не знаходзіў гэтых амфараў, “вычышчаных да стану стэрыльнасці”, было ўсім відавочна. “Натуральна, яны былі знойдзеныя падчас экспедыцыі, за некалькі дзён ці тыдняў да таго. Натуральна, іх ці пакінулі там, ці паклалі – гэта цалкам нармальна і зусім не нагода для ўсёй гэтай з’едлівасці”, – сказаў прэс-сакратар кіраўніка ўраду ў эфіры тэлеканалу “Дождж”.

Пяскоў сказаў, што ідэя належыць аднаму з археолагаў – удзельнікаў экспедыцыі. Са словаў прэс-сакратара, ім захацелася, каб Пуцін, нырнуўшы, бачыў, “як гэта выглядае насамрэч”.

Брытанская газета “Daily Telegraph” адзначае, што відэасюжэт пра актыўны ўдзел прэм’ер-міністра ў даследаванні затопленай часткі антычнага гораду Фанагорыя паглядзела рэкордная колькасць тэлегледачоў.

Рыхтуючыся да прэзідэнцкіх выбараў, Уладзімір Пуцін у суправаджэнні відэакамеры ўжо наведваў доктара, ездзіў на матацыкле на байкерскі фестываль, у пракрамлёўскім летнім лагеры спрабаваў сагнуць рукамі патэльню, забраўся на трэніровачную сцяну для альпіністаў і спаборнічаў у армрэстлінгу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары