Фядыніч пра Народны сход: Другой Плошчы не будзе


У гэтым не зацікаўленыя ні арганізатары Народнага сходу, ні ўлады, ні сілавыя структуры. Пра тое чалец аргкамітэта Народнага сходу Генадзь Фядыніч заявіў журналістам пасля заканчэння сустрэчы ў Генеральнай пракуратуры, на якую ён і Віктар Івашкевіч, таксама сябра аргкамітэту, былі запрошаныя 6 кастрычніка.

У Генеральнай пракуратуры Фядыніч ды Івашкевіч правялі каля дзвюх гадзінаў. Яны патлумачылі, што ладзяць акцыю ў адпаведнасці з заканадаўствам аб мясцовых сходах, а не ў адпаведнасці з законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Генпракуратура вынесла чальцам аргкамітэту Народнага сходу папярэджанне.

“Мы адмовіліся падпісаць папярэджанне, бо яно да нас не мае ніякага дачынення. Пракуратура вызначае нашыя дзеянні як падрыхтоўку да масавых акцыяў, для чаго мы мусім падаць заяўку і адпаведным чынам атрымаць дазвол на мітынг”, – сказаў Фядыніч.

“Сёння няма ніякіх нарматыўных дакументаў, падзаконных актаў, дзе б дакладна было прапісана, што мясцовы сход – гэта сто чалавек, гэта адзін пад’езд, гэта месца правядзення там і там. Сёння закон дазваляе нам праводзіць тое, што мы праводзім”, – рэзюмаваў чалец аргкамітэту Народнага сходу.

“Мы параілі пракуратуры звярнуцца да заканадаўцаў, каб тыя далі свае трактоўкі дзеля ўдакладнення закону. Пакуль тлумачэнняў гэтых няма”, – удакладніў Івашкевіч.

“Размова адбылася – мы адзін аднаго не пераканалі. Кожны ўпэўнены, што мае рацыю, – канстатаваў Фядыніч. – Людзей пад дубінкі мы не павядзем, мы адправілі лісты ў гарвыканкам, каб сумесна гарантаваць парадак. Думаю, парадак будзе забяспечаны. І людзям няма чаго баяцца, бо мы абмяркоўваем тыя балючыя пытанні, якія мусяць пачаць абмяркоўваць самі ўлады. Але ўлады да гэтага пакуль не прыйшлі, значыць, будзем абмяркоўваць з грамадзянамі”, – адзначыў Фядыніч.

На думку Івашкевіча, пракуратура настроеная на дыялог, а не на канфрантацыю. “Сама гэтая размова сведчыць пра тое, што пракуратура не настроеная адназначна на нейкае задушэнне. Проста на сённяшні дзень сітуацыя такая, што ўлады не ведаюць, як сябе паводзіць адносна нашай ініцыятывы выкарыстання закону аб мясцовых сходах, бо дагэтуль ім ніхто не карыстаўся”, – сказаў Івашкевіч.

Пасля наведвання пракуратуры ініцыятараў Народнага сходу запрасілі на сустрэчу ў Менгравыканкам заўтра, 7 кастрычніка а 10 гадзіне. Хто будзе ў ёй удзельнічаць з боку уладаў, невядома.

belsat.eu

Стужка навінаў