Пройдуць вучэнні адносна новага закону аб масавых акцыях


Удзельнічаць у іх будуць сілавікі. Ініцыятыва належыць дэпутатам. Фармат вучэнняў удакладняецца.

Пасля прыняцця новага закону “Аб масавых мерапрыемствах”, паводле якога нават бяздзеянне мусіць быць узгодненае з уладамі, дэпутаты ўсялякім чынам спрабуюць ці то даказаць мэтазгоднасць закону, ці то апраўдаць сваё рашэнне. Намеснік старшыні Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і медыях Анатоль Глаз прапаноўвае арганізаваць маштабныя вучэнні для тых, хто будзе адказваць за выкананне новых нормаў закону.

Найперш маюцца на ўвазе працаўнікі сілавых структураў. “Мы запланавалі маштабную працу дзеля тлумачэння асноўных палажэнняў закону працаўнікам праваахоўных і кантрольных органаў, – кажа чыноўнік. – Гэта неабходна, каб закон правільна разумелі. Бо, з аднаго боку, у ім немагчыма прапісаць усіх нюансаў, а з іншага боку, кожную ідэю, нават добрую, можна давесці да абсурду”.

Ён абвяргае інфармацыю пра тое, што законапраект прымаўся як мага хутчэй, каб паспець да 8 кастрычніка, калі апазіцыйныя лідары прызначылі Народны сход. “Мы ўзважана падыходзілі да прыняцця рашэння. Аналізавалі заканадаўства шмат якіх краінаў свету, раіліся з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў. Сярод іншага, кіраўніцтва найбуйнейшай моладзевай арганізацыі БРСМ у асобе старшыні Ігара Бузоўскага станоўча ўспрыняло новаўвядзенні”.

Тым часам незалежныя эксперты звязваюць такое хуткае прыняцце законапраекту з палітычнымі падзеямі апошніх месяцаў. “Відавочна, што маўклівыя акцыі выклікалі гэтую рэакцыю ўладаў. Тое, як прапісаныя новыя нормы закону, сведчыць пра імкненне не дапусціць новых акцыяў пратэсту, – кажа юрыстка Святлана Шлома. – Адзначана нават тое, што адначасова не могуць праходзіць некалькі масавых акцыяў. Адсюль вынікае, што ўладам варта толькі арганізаваць чарговую дыскатэку БРСМ, каб гэта было падставаю для затрымання ўдзельнікаў, якія сабраліся на плошчы ці проста на вуліцы з іншай нагоды”.

belsat.eu

Стужка навінаў