У Менску прэзентавалі фільм пра Ларысу Геніюш


14 лістапада ў менскай галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя дакументальнай стужкі пра Ларысу Геніюш «Няскораная», знятай тэлеканалам «Белсат». На імпрэзе прысутнічалі ўдзельнікі фільму Міхась Скобла і Валянціна Трыгубовіч, паэт Сяргей Панізнік, пісьменнік Язэп Янушкевіч і амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Пасля паказу адбылася дыскусія, а прысутныя атрымалі дыскі з фільмам у падарунак.
 
У памяшканні галерэі «Ў» панавала асаблівая атмасфера. На сцяне – афіша фільму, вялікі партрэт Геніюш, побач – свечкі. Калі людзі і гаварылі паміж сабою, то паўшэптам. Уся ўвага канцэнтравалася на адной асобе – Ларысе Геніюш. Неўзабаве зрабілася відавочна, што памяшканне галерэі не зможа змясціць усіх ахвотных. Шмат хто глядзеў фільм, стоячы ў калідоры.
 
Фота Аляксандра Трубнікава
 
Святло пагасла. З дынамікаў загучаў верш Ларысы Геніюш «Беларуска». Прысутных павітаў арганізатар імпрэзы і прадстаўнік «Белсату» Франак Вячорка, які адзначыў, што фільм прымеркаваны да 100-годдзя паэтэсы. «Гэты фільм узрушвае, не пакідае абыякавым. Ёсць балючыя моманты, калі хочацца плакаць. Ларыса Геніюш прайшла праз шматлікія выпрабаванні, але не зламалася, не скарылася. Гэта сапраўдны прыклад служэння Бацькаўшчыне», – адзначыў Вячорка. Да Франака далучылася Ася Паплаўская, і яны разам прачыталі некалькі вершаў Геніюш.
 
Літаратуразнавец Міхась Скобла распавёў, што фільм рабіўся ў канспірацыі: ніхто не ведае імя рэжысёра і аператара. На ягоную думку, гэта найлепшая стужка пра Геніюш, яна дае магчымасць ацаніць увесь маштаб гэтай асобы. Паводле Скоблы, «Ларыса Геніюш – асоба фенаменальная. Яна пражыла сваё жыццё так годна, праўдзіва і сумленна, нібы мела перад сабою накрэслены найвышэйшаю воляю шлях. І з гэтага шляху яна не сышла ні на сантыметр!»
 
Пасля ягонага выступу пачаўся прагляд. Фільм «Няскораная» складаецца з дзвюх частак па 30 хвілінаў. У ім выкарыстоўваюцца інсцэнізацыі, унікальныя кіна- і аўдыёзапісы, рэдкія і малавядомыя фотаздымкі. Сваімі думкамі пра Ларысу Геніюш дзеляцца Уладзімір Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль ды іншыя.
 
Пасля фільму слова ўзяла Валянціна Трыгубовіч. Яна адзначыла, як смешна выглядалі паводзіны савецкай улады. Напрыклад, Ларысу Геніюш абвінавацілі ў “дапамозе міжнароднай буржуазіі ў ажыццяўленні варожай дзейнасці супраць камунізму”. Пасля Трыгубовіч выступілі Сяргей Панізнік і Язэп Янушкевіч. Валерыя Чарнаморцава прэзентавала старонку ў інтэрнэце, прысвечаную Ларысе Геніюш, і заклікала далучыцца да стварэння паўнацэннага сайту ў гонар паэтэсы.
 
Напрыканцы імпрэзы гледачы атрымалі DVD-дыскі з фільмам, налепкі, улёткі, значкі з атрыбутыкаю «Белсату». 20 лістапада ў «Кнігарні Ў галерэі» (суседняе з галерэяй памяшканне) адбудзецца прэзентацыя фільму «Як пошуг маланкі» пра лідара антысавецкага супраціву на Мядзельшчыне Расціслава Лапіцкага.

Стужка навінаў