Вынесена папярэджанне арганізатарам Народнага сходу


Сустаршыні аргкамітэту Народнага сходу Віктар Івашкевіч і Генадзь Фядыніч каля двух гадзінаў правялі ў Генпракуратуры. Яны тлумачылі, што праводзяць акцыю ў адпаведнасці з заканадаўствам аб мясцовых сходах, а таксама паказалі подпісы, сабраныя ў жыхароў аднаго з дамоў Менску ў падтрыманне правядзення гэтага сходу.

«Нам у пракуратуры распавялі, што ў заканадаўстве недакладна размежаваныя палажэнні аб правядзенні масавых акцыяў і мясцовых сходаў. У адказ мы параілі Генпракуратуры звярнуцца ў Палату прадстаўнікоў, каб тая дала адпаведныя тлумачэнні», – заявіў Івашкевіч.

Палітык таксама пацікавіўся ў пракуратуры, ці будуць арганізатараў сходу арыштоўваць. «Нам сказалі, што рабіць гэта не маюць намеру, бо яны настроеныя на дыялог. Са свайго боку мы выказалі зацікаўленасць, каб людзі мірна сабраліся і абмеркавалі актуальныя праблемы», – паведаміў Івашкевіч.

Паводле яго, папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых акцыях, вынесенае ім з Фядынічам, не пагаршае і не паляпшае становішча арганізатараў Народнага сходу. «Папера носіць азнаямленчы характар, мы і не збіраліся парушаць закон», – падкрэсліў сустаршыня аргкамітэту.

У аргкамітэт Народнага сходу ўваходзяць каля 20 чалавек. 5 кастрычніка Генадзь Фядыніч і Віктар Івашкевіч правялі прэс-канферэнцыю, на якой заявілі: народныя сходы, якія плануюцца 8 кастрычніка больш як у 25 гарадах краіны, пройдуць у любым выпадку, бо праца ўсіх ініцыятыўных групаў цалкам адпавядае закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

У Менску Народны сход плануецца на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых акцыяў афіцыйна дазволенае. Арганізатары не падавалі заяўку на правядзенне сходу, бо абраны фармат гэтага не патрабуе. На Народным сходзе плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу ўладам.

Напярэдадні візіту ў Генпракуратуру Віктар Івашкевіч распавёў журналістам «Белсату», што найбольшы ціск адчувацца ў рэгіёнах, дзе некалькі валанцёраў зазналі рэпрэсіі з боку ўлады. «У прынцыпе, масавых рэпрэсіяў няма. Мы добра зрабілі, што, ўчапіўшыся ў закон «Аб сходах», выбілі ва ўладаў юрыдычныя аргументы, і таму ім у адкрытую парушаць законы цяжка. Тое, што адбываецца ў рэгіёнах, тлумачыцца тым, што там больш за 12 гадоў не было грамадскіх акцыяў. І калі менскае начальства прызвычаенае да актыўнасці, то, напрыклад, у Смалявічах ці Жодзіна для іх гэта надзвычайная сітуацыя, таму такая нервовая рэакцыя», – зазначыў Віктар Івашкевіч.

belsat.eu
https://youtu.be/M53qDgtJ64o

Глядзі таксама
Каментары