Вольскі ў прозе


Вядомы беларускі рок-музыка Лявон Вольскі выдаў кнігу прозы пад назваю «Міларусь». Наклад невялікі – усяго тысяча асобнікаў.

«Пра фантастычныя продажы літаратуры цяпер гаворкі не вядзецца, але я чакаю пэўнага сумоўя, разумення чытачом маіх думак, памкненняў, – гаворыць Лявон Вольскі. – Тое, што я раблю ў музыцы, калі пішу тэксты, то, калі казаць нясціпла, шмат людзей гэта разумеюць. У прынцыпе пра тое ж я кажу як празаік».

Назву кнізе дала адна з аповесцяў Лявона Вольскага. Сам жа музыка мае і жартаўлівае тлумачэнне такой назвы: «На чарговым сходзе беларускіх прагрэсіўных сілаў, якіх шмат, прагрэсіўныя людзі вырашылі, што галоўнае, што нам замінае, – няправільная назва нашай краіны. Беларусь – гэта няправільна, правільна? І яны вырашылі перайменаваць, адзін з варыянтаў быў – Міларусь».

Зборнік «Міларусь» выдадзены ў серыі «Кнігарня пісьменніка» Саюзу беларускіх пісьменнікаў пры падтрыманні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Чакаецца, што неўзабаве кнігу можна будзе купіць у кнігарнях і праз інтэрнэт.

belsat.eu

Стужка навінаў