Справа Алеся Бяляцкага перададзеная ў суд


Афіцыйнае пацверджанне гэтаму атрымаў адвакат, які наведаў сёння праваабаронцу ў СІЗА.

Справа кіраўніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” будзе разглядацца ў Першамайскім судзе Менску. Як гаворыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч, цягам двух тыдняў мусяць прызначыць суддзю, што будзе весці працэс: “Я думаю, што ў сярэдзіне – напрыканцы кастрычніка пачнецца і сам суд”.

Як паведаміў “Белсату” Валянцін Стэфановіч, пасля прызначэння суддзі адвакат збіраецца звярнуцца да таго з хадайніцтвамі аб змяненні Алесю Бяляцкаму меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, а таксама будзе хадайнічаць пра дазвол спатканняў арыштаванага са сваякамі. За два месяцы перабывання Алеся Бяляцкага за кратамі следства не дазволіла вязню аніводнай сустрэчы з жонкаю, нагадвае праваабаронца.

Алесь Бяляцкі застаецца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы ды Генпракуратураю Польшчы.

Улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і ягоных сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дамоваў аб прававой дапамозе. Вызвалення Бяляцкага патрабуюць беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўразвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў