Спіс палітзняволеных павялічыўся


На кансультацыях аб праблемах палітвязняў палітыкі ды праваабаронцы дамовіліся ўнесці ў спіс палітзняволеных асуджаных у справе “анархістаў”.

Як паведаміў “Белсату” лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, спіс складалі паводле формулы “11+3”. “Па адзінаццаці прозвішчах мы дасягнулі кансэнсусу з праваабаронцамі, але ёсць 3 чалавекі, асуджаныя ў “бабруйскай справе”, наконт якіх згоды пакуль няма”, – тлумачыць палітык.

Такім чынам, зараз у спісе палітзняволеных “дзекабрысты” Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Павал Севярынец і Дзмітрый Бандарэнка, маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў, праваабаронца Алесь Бяляцкі, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і менскія “анархісты” Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч. Яшчэ трое анархістаў, асуджаных за спробу падпалу будынку КДБ у Бабруйску – Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамолатаў, – пакуль фігуруюць асобна.

“Да “бабруйскай справы” праваабаронцы ставяцца пакуль з асцярогаю, бо на судзе некаторыя з абвінавачаных прызнавалі, што здзяйснялі гвалт. Але палітычную матываванасць прысудаў прызнаюць усе, як і тое, што пакаранне не адэкватнае ўчынку, таму наконт Бабруйску прынялі вось такое палавінчатае рашэнне”, – тлумачыць Анатоль Лябедзька. Палітык гаворыць, што праваабаронцы збіраюцца правесці дадатковую экспертызу гэтай справы.

“У любым выпадку, спіс сфармаваны, што вельмі важна. Палітыкі будуць яго рэтрансляваць на палітычным узроўні, праваабаронцы пачнуць працаваць са сваім сегментам, і самае галоўнае, што праца будзе ісці ў адным кірунку – вызваленне палітзняволеных”, – зазначае Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, летась 27 траўня ў справе анархістаў у Менску асудзілі пяцёра чалавек. Трое з іх атрымалі рэальныя тэрміны зняволення: Ігар Аліневіч – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалай Дзядок – 4,5 года, Аляксандр Францкевіч – 3 гады. Іх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні шэрагу нападаў на будынкі ды ў падпалах.

У Бабруйску за спробу падпалу мясцовага КДБ асудзілі прыхільнікаў анархісцкіх ідэяў Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамолатава. Кожны з маладзёнаў атрымаў 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

belsat.eu

Стужка навінаў