“Без свабоды не будзе каўбасы!”


Такое гледзішча выказаў чалец аргкамітэту ў справе арганізацыі Народнага сходу Дзяніс Садоўскі на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка.

“Гэта вельмі важна разумець, бо без патрабаванняў свабодных выбараў, вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных немагчымая дэмакратыя”, – заявіў ён.

У сваю чаргу лідар Незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч падчас прэс-канферэнцыі паведаміў, што народныя сходы, якія плануюцца больш як у 25 гарадах краіны, “пройдуць у любым выпадку”.

“Сходы адбудуцца. У адпаведнасці з тым заканадаўствам, якое сёння існуе. Папраўкі ў закон, якія будуць прынятыя, набудуць моц пасля апублікавання. Гэтак не бывае, што сёння прынялі – і заўтра яны ўжо дзеяць. Што б яны ўчора ні прынялі, закон зваротнай сілы не мае”, – заявіў Фядыніч, каментуючы праект зменаў і дапаўненняў у закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, прыняты 3 кастрычніка Палатаю прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях.

Сустаршыня аргкамітэту Народнага сходу Віктар Івашкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт рыхтавання акцыі ўваходзяць прыкладна 20 чалавек, “прычым кожны з іх забяспечвае сабе дублёра”. “Правесці сход будзе каму, – сказаў Івашкевіч. – Мы таксама прадугледзелі магчымасць, калі раптам пляцоўка каля Бангалор будзе замінаваная, або там зладзяць нейкія святы БРСМ. Сквер вялікі”.

“У іншых гарадах мы гэтак жа арыентавалі людзей: калі прыходзяць на месца збору і там сход з нейкіх прычынаў правесці немагчыма, то без усякіх канфліктаў трэба адысці на іншую пляцоўку і там правесці. Само месца збору – не тая вышыня, якую нам трэба ўзяць, каб узняць там сцяг перамогі”, – падкрэсліў Івашкевіч.

У Менску Народны сход запланаваны на плошчы Бангалор, дзе правядзенне масавых акцыяў афіцыйна дазваляецца. Арганізатары не сталі падаваць заяўкі на сход, палічыўшы, што яго фармат гэтага не патрабуе. На спатканні плануецца абмеркаваць актуальныя эканамічныя і сацыяльна-палітычныя праблемы краіны, а таксама выбраць прадстаўнікоў, якія перададуць патрабаванні ўдзельнікаў сходу ўладам.

belsat.eu

Стужка навінаў