У Наваградку пачалося аднаўленне замку


Праект курыруе асабіста міністр культуры Павел Латушка.

Пакуль што праходзяць падрыхтоўчыя працы. Археолагі здымаюць грунт, каб дабрацца да культурнага слою. Мяркуецца, што абарончае збудаванне з’явілася ў ХІІІ стагоддзі, тады ж на яго тэрыторыі прайшла каранацыя Міндоўга. Раскопкі могуць “зрабіць” наваградскі замак значна старэйшым.

Галоўны лабіст аднаўлення – міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Заступіўшы на высокую пасаду ў 2009 г., ён прапанаваў сабраць грошы на рэстаўрацыю аднаго з замкаў. Сярод Крэўскага, Лідскага і Наваградскага абралі апошні.

Паводле яго, дзякуючы выкарыстанню магчымасцяў грашовай латарэі “Скарбніца”, заснавальнік якой – Міністэрства культуры, удалося сабраць каля $ 30 тыс. Аднаўляць замак будуць не цалкам. Рэшткі сценаў закансервуюць, а вось вежы, якія часткова захаваліся, адновяць. Як ставяцца да рэстаўрацыі гісторыкі?

“На маю думку, кансервацыя замку – гэта найлепшы варыянт. Ён дайшоў да нас менавіта ў такім выглядзе, гэта дазваляе захаваць аўтэнтычнасць. Можна было б у адной з захаваных вежаў зрабіць маленькі музей, але не больш за тое, – разважае выканаўчы дырэктар аб’яднання “Гісторыка” Зміцер Рагачоў. – Аднаўляць замак цалкам, я лічу, не варта, ведаючы, як у Беларусі гэта адбываецца. Дабудаванне вежаў замку запатрабуе шмат сродкаў, але гэта аўтаматычна не прыцягне турыстаў. Усё адно давядзецца дадаткова працаваць, каб людзі паехалі ў Наваградак”.

belsat.eu

Стужка навінаў