Нямцоў пра Еўразійскі Саюз: Інтэграцыі дыктатураў быць не можа


«Дыктатуры схільныя акурат да такога «акуклівання», закрыцця межаў, каб нішто не выходзіла і не ўцякала», – гаворыць апазіцыйны расейскі палітык Барыс Нямцоў пра магчымасць стварэння Еўразійскага Саюзу. Ідэю новай структуры ў артыкуле пад сваім подпісам агучыў прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін, надрукаваўшы тэкст у газеце «Известия».

«Артыкул Пуціна напісаны «суконнаю» савецкаю моваю. Яўна Пуцін ніякіх адносінаў да гэтага артыкулу не мае, яго пісалі спічрайтэры, – мяркуе Барыс Нямцоў. – Гэта такі перадвыбарчы трук, мэта якога – паказаць, што Пуцін – аб’яднальнік славянскіх земляў. […] Што датычыць палітычнай інтэграцыі, дык гэтага не адбудзецца».

Паводле Нямцова, добрых адносінаў паміж дыктатарамі чакаць не варта: кожны змагаецца за ўладу і спрабуе падпарадкаваць іншага. Лукашэнка ў выніку «безразважнага жахлівага ўбогага праўлення» давёў краіну да глыбокага эканамічнага крызісу, таму Уладзімір Пуцін абавязкова скарыстаецца гэтаю сітуацыяй, каб «хаця б у эканамічным сэнсе паставіць краіну на калені».

«Лукашэнка – яўна не той чалавек, які эканоміку можа выратаваць, чалавек з маніякальнымі ўяўленнямі не толькі пра ўладу, але і пра эканоміку, гэта дыктатар у маразме. Відавочна, што ён уладу проста так аддаваць не будзе, у тым ліку і Пуціну, свайму заклятаму сябру», – працягвае наш суразмоўца. Барыс Нямцоў перакананы, што сапраўдная інтэграцыя паміж нашымі краінамі «можа быць толькі тады, калі Расея і Беларусь зробяцца дэмакратыямі і разам пойдуць у Еўропу».

belsat.eu

Стужка навінаў