У кулуарах Страсбура: Народны сход і «бандыцкія эскадроны»


Беларускае пытанне зноў гучыць у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). Сёння і заўтра ў планах беларускага «дэсанту» – сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі, дыскусіі ў нацыянальных дэлегацыях, а таксама ў офісе генеральнага сакратара Парламенцкай Асамблеі.

Беларуская група складаецца пераважна з праваабаронцаў. Яе прадстаўнікі не выключаюць, што па выніках сустрэчаў Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы можа прыняць новыя дакументы па сітуацыі ў Беларусі падчас восеньскай сесіі, якая цяпер праходзіць у Страсбуры. Пра гэта журналістам «Белсату» распавёў адзін з чальцоў групы, палітык Вінцук Вячорка.

Учора, 4 кастрычніка, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі сустрэўся камісар правоў чалавека Томас Гамарбэрг. «У ягонай асобе мы знайшлі, як падаецца, аднадумцу ў тым, што нельга прывучаць уладу ў Беларусі да таго, што палітычнымі вязнямі можна гандляваць. Нават за 9 мільярдаў [долараў]», – адзначыў Вінцук Вячорка.

Што абмяркоўваюць на сустрэчах? «Перш за ўсё гэта вызваленне ўсіх палітычных вязняў. І тых, што ўтрымліваюцца ў турмах за 19 снежня, гэтак і іншых, як, напрыклад Алесь Бяляцкі або Мікалай Аўтуховіч. Гэта таксама тэма адвакатаў, якія баранілі ахвяраў палітычных працэсаў, а пасля самі сталіся ахвярамі. Гэта неабходнасць маніторыць хаду мірных сходаў 8 кастрычніка. Мы звярталі ўвагу нашых суразмоўцаў, каб сачылі за тым, што будзе адбывацца напярэдадні суботы. І ўрэшце аднаўленне практыкі нападаў на грамадскіх актывістаў [з боку] людзей у цывільных, так званых бандыцкіх эскадронаў», – патлумачыў Вінцук Вячорка.

Сёння і заўтра запланаваны шэраг сустрэчаў з еўрапейскімі палітыкамі, дыскусіі ў нацыянальных дэлегацыях, а таксама ў офісе генеральнага сакратара ПАРЕ.

belsat.eu

Стужка навінаў